BE RU EN

Стывен Спілберг абвясціў байкот пекінскай Алімпіядзе

  • 14.02.2008, 14:46

Стывен Спілберг афіцыйна пакінуў пасаду мастацкага кансультанта летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Прычынай байкоту рэжысёр назваў адмову Кітая садзейнічаць спыненню ўзброенага канфлікту ў суданскай правінцыі Дарфур, паведамляе BBC News.

"Цяпер я павінен аддаць увесь свой час і энергію не алімпійскім цырымоніям, а скарэйшаму заканчэнню жахлівых злачынстваў супраць чалавечнасці, якія працягваюцца ў Дарфуры", – заявіў рэжысёр.

Грамадзянская вайна ў Дарфуры працягваецца з 2003 года. Лічыцца, што не менш як 400 тысяч чалавек сталі ахвярамі канфлікту, які ў прэсе часцей называюць генацыдам і гуманітарнай катастрофай. З прычыны таго, што КНР з'яўляецца афіцыйным пастаўшчыком зброі ў Судан, прыхільнікі скарэйшага спынення канфлікту ў Дарфуры патрабуюць ад Пекіна націснуць на суданскі ўрад.

У 2006 годзе Спілберг атрымаў запрашэнне кансультаваць кітайскага рэжысёра Чжана Імоу, якому даручаныя цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў-2008. Але, як піша Variety, амерыканскі рэжысёр так і не падпісаў афіцыйны кантракт з аргкамітэтам пекінскай Алімпіяды. Больш за тое, яшчэ ўвесну 2007 года ён напісаў ліст Ху Цзіньтао, генсаку Камуністычнай партыі Кітая, з просьбай звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Дарфуре. У жніўні 2007-га Спілберг упершыню заявіў пра тое, што гатовы выйсці з алімпійскага праекту.

Апошнія навіны