BE RU EN

У Менску праходзіць акцыя «Дзяды» (ONLINE-рэпартаж, фота, відэа)

  • 1.11.2009, 10:03

Акцыя з нагоды Дня памінання продкаў - «Дзядоў» праходзіць сёння ў Менску. Ад правядзення 21 год таму ў Курапатах першага масавага антысавецкага мітынга ў Беларусі распачаўся адкрыты супраціў камунізму.

Акцыя арганізавана Кансерватыўна-Хрысціянскай партыяй – БНФ. Да яе далучацца таксама прадстаўнікі іншых апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

Партыя КХП БНФ абвесціла збор удзельнікаў акцыі ў 10.30 каля Менскага гадзіннікавага завода на праспекце Незалежнасці.

Дэманстранты пройдуць па маршруце: праспект Незалежнасці – вуліца Каліноўскага – вуліца Сядых – вуліца Карбышава – вуліца Гамарніка – вуліца Мірашнічэнкі. А 15 гадзіне адбудзецца мемарыльны мітынг на тэрыторыі ўрочышча Курапаты, дзе, паводле розных адзнак, падчас сталінскіх рэпрэсій былі расстраляныя ад 30 да 200 000 чалавек.

Шэсце ў Курапаты дазволена Менгарвыканкамам.

14.45

Намеснік старшыні Парты КХП БНФ Сяргей Папкоў паведаміў, што міліцыя не дазволіла пранесці ў Курапаты гукаўзмацняльную апаратуру. Удзельнікі мітынга былі вымушаныя выступаць праз мегафон.

14.35

У Курапатах адбываецца мітынг. Быў зачытаны зварот Зянона Пазняка – лідэра КХП БНФ, які ўпершыню адкрыў свету праўду пра Курапаты. Нагадаем, што тут у гады сталінскіх рэпрэсій былі расстраляныя, паводле розных ацэнак, ад 30 да 200 тысяч чалавек.

14.25

Людзі сабраліся каля Крыжа пакутаў і спяваюць гімн «Магутны Божа».

Фота "Радыё Свабода"

14.20

Удзельнікі шэсця «Дзяды» прыйшлі ва ўрочышча Курапаты. Тут ужо знаходзіцца каля сотні чалавек, якія прыйшлі раней. Тут таксама дзяжураць супрацоўнікі міліцыі ў форме, міліцыянты ў цывільным і знаходзіцца кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкама. Праз некалькі хвілін у Курапатах пачнецца мітынг.

14.10

На падыходзе да Курапатаў каля гандлёвага цэнтра «Экспабел» удзельнікаў шэсця чакалі некалькі аўтамабіляў і мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі ДАІ. Тут стаіць машына з гукаўзмацняльнікам. Тым не менш, дэманстранты працягваюць арганізавана рухацца, пастаянна скандуючы «Жыве Беларусь!» і прыцягваючы ўвагу людзей, якіх тут у выходны дзень вельмі шмат.

13.50

Удзельнікі шэсця павярнулі на вуліцу Мірашнічэнкі. Хуткім часам калона будзе ў Курапатах.

13.40

Калона выйшла на праезжую частку, бо прайсці па ходніку немагчыма з прычыны дома, які будуецца на вуліцы Гамарніка. Супрацоўнікі міліцыі не заміналі гэтаму. У гэты час рух на праезжай частцы быў спынены супрацоўнікамі ДАІ.

13.30

Людзі ідуць па вуліцы Гамарніка. Супрацоўнікі ДАІ перакрылі чатырохпалосную праезжую частку, даючы дэманстрантам магчымасць перайсці дарогу. Гэта дастаткова нетыповая сітуацыя падчас правядзення масавых акцый у Менску. Кіроўцы са здзіўленнем назіралі, як каля іх аўтамабіляў праходзіць тысяча чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Фота "Радыё Рацыя"

13.05

Удзельнікі акцыі ідуць па вуліцы Карбышава. Калона прыцягвае ўвагу мінакоў. Некаторыя машыны, якія едуць побач, сігналяць, падтрымліваючы такім чынам дэманстрантаў.

12.50

Калона рухаецца па вуліцы Сядых. Дэманстранты ўвесь час скандуюць «Жыве Беларусь!» і«У нас адна дарога - Беларусь да Бога!»

12.40

Удзельнікі шэсця працягваюць рухацца па вуліцы Каліноўскага. Людзі скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!» Ходнікі тут яшчэ больш вузкія, і міліцыянты ўвесь час сціскаюць дэманстрантаў, не даюць ім выйсці на праезжую частку.

12.20

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» разгарнулі расцяжку «НЕ – палітычнаму тэрору!». Зараз людзі падыходзяць да канца праспекта Незалежнасці і зварочваюць на вуліцу Каліноўскага. Уся калона аздоблена бел-чырвона-белымі і еўрапейскімі сцягамі.

12.00

Дэманстранты праходзяць каля Нацыянальнай бібліятэкі. Людзей дастаткова шмат і яны не змяшчаюцца на ходніках, але міліцыянты прымушаюць удзельнікаў акцыі не выходзіць за межы вузкага ходніка.

Фота "Радыё Свабода"

11.40

Калона дэманстрантаў акцыі праходзіць каля Маскоўскага аўтавакзала. Людзі працягваюць спяваць песні беларускага Адраджэння. Па абодвух баках калоны ідуць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Фота "Наша Ніва"

11.30

Удзельнікі акцыі «Дзяды» працягваюць ісці па праспекце Незалежнасці, цяпер яны праходзяць каля БАТУ. Дэманстранты ўвесь час скандуюць «Жыве Беларусь!». На чале калоны ідуць лідэр КХП БНФ Юрась Беленькі і дачка рэпрэсаванага беларускага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная.

11.20

Калона дэманстрантаў у агульнай колькасці больш за тысячу чалавек рухаецца па праспекце Незалежнасці. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і спяваюць песню «Пагоня». Наперадзе калоны ўдзельнікі шэсця нясуць расцяжку «Дзяды» і драўляныя крыжы, якія сёння будуць усталяваны ва ўрочышчы Курапаты.

11.15

Удзельнікі акцыі «Дзяды» працягваюць знаходзіцца ля Менскага гадзіннікавага завода, людзі ўсё яшчэ падыходзяць. Неўзабаве калона рушыць па праспекце Незалежнасці. На месцы пачатку акцыі знаходзяцца каля некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і ўсяго некалькі міліцыянтаў у форме.

10.55

На месца збору ўдзельнікаў акцыі «Дзяды» прыбылі: старшыня КХП БНФ Юрась Беленькі, моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Зміцер Дашкевіч, кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, адзін з лідэраў Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Колькасць людзей павялічваецца. Цяпер тут знаходзіцца парадку тысячы чалавек. Лунаюць дзесяткі бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў «Еўрапейскай Беларусі».

10.45

Людзі працягваюць падыходзіць. Многія прыходзяць з кветкамі. Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» разгарнулі велізарную расцяжку «1937-2009», на якой намаляваны з аднаго боку Іосіф Сталін і супрацоўнік НКУС, які страляе ў патыліцу чалавеку; а з іншага боку намаляваны Аляксандр Лукашэнка і амапавец, які збівае дубінкай дэманстранта.

10.40

Перад Менскім гадзіннікавым заводам на дадзены момант сабраліся некалькі сотняў чалавек. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Маладога фронта». Разгорнутыя транспаранты з надпісамі «Ушануем ахвяр Курапат» і «Дзяды». З лідэраў апазіцыі на акцыі пакуль знаходзяцца каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, а таксама моладзевыя лідэры Зміцер Бародка, Павал Юхневіч, Мікола Дземідзенка, Наста Палажанка.

Апошнія навіны