У Курапатах зламалі 38 крыжоў
- 7.11.2010, 13:16
Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам напярэдадні 7 лістапада ўчынены чарговы акт вандалізму.
Невядомыя зламалі 38 крыжоў ва ўрочышчы Курапаты, месцы масавых палітрэпрэсіяў. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў сябра КХП-БНФ Аляксандр Макаў.
Паводле яго словаў, сляды вандалізму - зламаныя ля заснавання крыжы - былі выяўленыя актывістамі партыі 6 лістапада падчас традыцыйнай талакі ў Курапатах.
Вандалы зламалі крыжы на алеі ўздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы ўрочышча, з боку гандлёвага комплекса «Экспабел».
На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі міліцыі.
Адказны сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі лічыць, што акцыя вандалізму звязаная з 7 лістапада - днём кастрычніцкага перавароту.
Ён падкрэсліў, што дадзеная акцыя здзейсненая наўмысна.