Па факце вандалізму ў Курапатах узбуджаная крымінальная справа
- 9.11.2010, 11:02
Міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да невядомага, які пашкодзіў крыжы ва ўрочышча Курапаты.
«Пасля праведзенай праверкі ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 «Хуліганства» Крымінальнага кодэкса Беларусі ў дачыненні да невядомага, які з 31 кастрычніка па 6 лістапада на тэрыторыі ўрочышча «Курапаты» з хуліганскіх матываў пашкодзіў 38 драўляных крыжоў», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» ва УУС Менскай вобласці.
На мінулых выходных у міліцыю паступіла тэлефанаванне пра тое, што ў Курапатах пашкоджаныя крыжы, пасля чаго была прызначаная праверка.
Гэта не першы выпадак вандалізму ў Курапатах, толькі летась міліцыя некалькі разоў узбуджала крымінальныя справы ў дачыненні да хуліганаў, якія ламалі крыжы.
Урочышча Курапаты з'яўляецца месцам масавых пахаванняў 30- пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Па некаторых ацэнках, у Курапатах пахавана ад 30 тыс. да 200 тыс. чалавек.