BE RU EN

Міліцэйскае скотства ў Магілёве

  • 24.11.2011, 4:06

Жудасным здзекам з боку міліцыянтаў падвергнуўся ў Магілёве бабруйскі актывіст «Моладзі БНФ» Андрэй Падаляк.

17 снежня на вуліцы Магілёва да яго падышлі міліцыянты, якія пачулі, што ён размаўляе па-беларуску і папрасілі прайсці ў аддзяленне міліцыі, бо хлопец трапляў пад канкрэтныя прыкметы злачынцы, паведамляе ПЦ «Вясна».

«Я сказаў, што нікуды не пайду, таму што гэта нейкі нонсэнс, пасля чаго яны мяне ўзялі пад рукі і павялі ў пастарунак, які знаходзіцца на Пажарным завулку. У пастарунку ў мяне хацелі адкатаць пальчыкі, аднак ад гэтай працэдуры я адмовіўся. Тады адзін з міліцыянтаў правёў мне валікам з чорным парашком па твары. Я быў у шоку ад гэтага, аднак пасля гэтага міліцыянты павялі мяне мыцца. У туалеце яны ўтрох схапілі мяне - перавярнулі дагары нагамі і акунулі галавой ва ўнітаз», - распавядае Андрэй Падаляк.

«Пасля гэтага я проста аслупянеў і не мог нічога сказаць некалькі хвілін. Мне не далі таксама патэлефанаваць дадому. Пасадзілі ў «абяз'яннік», а пазней у «стакан». У абсалютнай цемры я пачаў грукаць у дзверы і прасіць, каб мяне выпусцілі. У выніку на мяне апранулі кайданкі. Так я правёў каля пяці гадзін. У выніку мне стала станавіцца дрэнна і я папрасіў, каб да мяне выклікалі лекара», - працягвае Андрэй.

Хлопец адзначае, што ўвесь час размаўляў з міліцыянтамі па-беларуску, а яны з-за гэтага здзекаваліся над ім.

«Лекарка, якая прыехала, спрабавала размаўляць на беларускай мове, аднак казала яна з якойсьці фанабэрыстасцю. У выніку яна абазвала мяне «пятай калонай». Яна паслухала мяне, памерала ціск і тэмпературу і сказала, што я здаровы. Хоць у мяне ад нараджэння парок сэрца, тэмпература была 37,7, а ціск 130/90. Нягледзячы на ​​гэта мяне не шпіталявалі. Да раніцы я сядзеў ужо ў звычайнай камеры, пасля чаго мяне павезлі на суд», - кажа актывіст «Моладзі БНФ».

Суд пачаў весці суддзя Ленінскага раёна Шандаровіч.

«У судзе міліцыянты абвінавацілі мяне ў тым, што я быў п'яны і нецэнзурна лаяўся, аднак ніякага медыцынскага агляду я не праходзіў, - кажа хлопец, - У сувязі з тым, што пратакол быў складзены з парушэннямі, суддзя Шандаровіч адправіў яго на дапрацоўку і мяне адпусцілі. Суд павінен працягнуцца 24 лістапада».

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ўлада разбэсціла свае структуры, а абсалютная ўлада разбэсціла абсалютна.

«Я даўно не сутыкаўся з такімі выпадкамі і не паверыў бы што такое магчыма ў нашым горадзе, аднак маем таму пацверджанне. Будзем сачыць за гэтым працэсам, пісаць адпаведныя скаргі і спрабаваць прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія ўчынілі такое бязмежжа», - кажа Барыс Бухель.

Апошнія навіны