Былы дырэктар прадпрыемства «Белнафтахіма» асуджаны на 6 гадоў
- 22.02.2012, 10:55
Прысуд вынесены за хабар у памеры 32 тысяч даляраў.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-групе Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі функцыямі, тэрмінам на пяць гадоў асуджаны судом Савецкага раёна горада Гомеля Руслан Гапееў - былы дырэктар ААТ «Медпласт» канцэрна «Белнафтахім». 36-гадовы Гапееў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.
Ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у лістападзе 2009 года. Незаконнае грашовае ўзнагароджанне ў памеры 32 тысяч даляраў прызначалася за спрыяльнае вырашэнне пытання аб выбары пастаўшчыка тэхналагічнага абсталявання для «Медпласта». У прыватнасці, гаворка ішла аб набыцці балонаў, прызначаных для захоўвання і транспарціроўкі вокісу этылену.
У судзе даказана, што дзякуючы хабару тэндэр на пастаўку абсталявання «выйграла» загадзя пэўная замежная камерцыйная структура. Пры гэтым ААТ «Медпласт» па завышаным у некалькі разоў кошце закупіла абсталяванне, якое не адпавядала неабходным тэхнічным характарыстыкам.
Як паказана ў акце праверкі асобных пытанняў фінансава-гаспадарчай дзейнасці «Медпласта», падрыхтаваным кантрольна-рэвізійным упраўленнем «Белнафтахіма», дадзенае ААТ не мела права прымаць названыя балоны - яны не адпавядалі стандартам па максімальнаму працоўнаму ціску, таўшчыні сценак і працоўнага ціску.
Іншымі словамі, гэта тэхналагічнае абсталяванне нельга было выкарыстоўваць для захоўвання і перавозкі вокісу этылену з прычыны таго, што яго сценкі не вытрымалі б працоўнага ціску газу, які лёгка запальваецца і ўтварае з паветрам выбухованебяспечныя сумесі.
Своечасовае спыненне проціпраўнай дзейнасці Гапеева дазволіла пазбегнуць ўзнікнення на прадпрыемстве надзвычайных здарэнняў. Неадпаведнае патрабаванням тэхналагічнае абсталяванне не было выкарыстанае.
Суд таксама не пакінуў без увагі дзеянні грамадзяніна, які выступаў прадстаўніком камерцыйнай структуры, якая паставіла няякаснае абсталяванне. Ён прызнаны вінаватым у дачы хабару былому кіраўніку «Медпласта» і прысуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на тры з паловай гады.
Прысуд суду ўступіў у законную сілу.