Выдачы Бакіева запатрабавалі з трыбуны ААН
- 28.09.2012, 8:24
Бішкек патрабуе ад Беларусі выканання міжнародных абавязацельстваў.
Пра гэта заявіў у чацвер спікер парламента цэнтральнаазіяцкай краіны Асілбек Жээнбекаў, выступаючы на 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
«Мы ўсё яшчэ спадзяемся, што ўлады Беларусі, якая з'яўляецца саюзнікам Кыргызстана ў рамках АДКБ і ЕўрАзЭС і якая ўзяла на сябе абавязацельствы ў рамках палажэнняў Менскай і Кішынёўскай канвенцый, праявяць сваю прыхільнасць міжнародна-прававым абавязацельствам і выдадуць сваякоў і набліжаных былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, якія хаваюцца на яе тэрыторыі і нават маюць беларускія пашпарты», - цытуе ІТАР-ТАСС спікера.
Афіцыйны Бішкек неаднаразова патрабаваў ад Менска выдачы сваякоў Бакіева, аднак да гэтага часу не выкарыстаў для гэтага трыбуну Аб'яднаных Нацый. Звяртаючыся да прысутных у зале, Асілбек Жээнбекаў падкрэсліў, што «былое кіраўніцтва Кыргызстана і яго найбліжэйшае атачэнне пераследуюцца «не па палітычна матываваных справах», а «абвінавачваюцца за канкрэтныя злачынныя, крымінальна-каральныя дзеянні». «Яны аддавалі загад на ўжыванне агнястрэльнай зброі ў дачыненні да мірных грамадзян, на знішчэнне непажаданых ім асоб, яны рабавалі ўласны народ і бюджэт краіны і вывелі з Кыргызстана велізарныя фінансавыя актывы», - сказаў спікер парламента.
«У такіх пытаннях важная справядлівасць і няўхільнасць пакарання, каб іншым кіраўнікам было непанадна», - заявіў Жээнбекаў, дадаўшы, што судзіць вінаватых павінны «у строгай адпаведнасці з заканадаўствам Кыргызстана».
На гэтым тыдні стала вядома, што суд разгледзіць дачыненне экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго малодшага брата Жаныбека да арганізацыі забойства Медэта Садыркулава, які ў 2007 - 2008 гадах займаў пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.