Аляксандр Атрошчанкаў: Палітычныя забойствы сталі тэхналогіяй
- 7.02.2013, 8:56
Беларускія ўлады гатовыя і далей выкрадаць і забіваць сваіх апанентаў.
Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіў былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў.
У 1999 годзе адбыліся самыя гучныя палітычныя знікненні ў Беларусі. Увечары 7 траўня былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, які не пабаяўся дзеля закона і сумлення адкрыта выступіць супраць рэжыму Лукашэнкі, знік каля свайго дома ў Менску. Аднак справа аб яго знікненні, таксама, як і справы былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, якія таксама зніклі ў той чорны год, а таксама аператара тэлеканала ОРТ Змітра Завадскага дагэтуль не даюць адказу на галоўныя пытанні: дзе гэтыя людзі і што з імі здарылася?
Афіцыйнае следства адмоўчваецца. Апазіцыя, міжнародная супольнасць і праваабаронцы абвінавачваюць улады не толькі ў бяздзейнасці, але і ў дачыненні да гучных знікненняў.
«У 1999-2000 гадах адбыліся самыя гучныя знікненні, але за гэтыя гады рэжым Лукашэнкі стварыў цэлае пакаленне сілавікоў, гатовых выконваць любыя загады. Яны гатовыя і забіваць. Мы памятаем пра Вераніку Чаркасаву, Алега Бябеніна, пра іншыя выпадкі знікненняў», - кажа Аляксандр Атрошчанкаў.
На яго думку, выкраданні апанентаў рэжыму будуць працягвацца і далей.
«Палітычныя забойствы людзей у нашай краіне ператварылася ў тэхналогію, якую можна паляпшаць і ўдасканальваць. У Беларусі ёсць людзі, якія займаюцца гэтым. Гэта прафесіяналы», - заявіў ён.
Разам з тым, былы палітвязень упэўнены, што ў сённяшні час інфармацыйных тэхналогій датычнасць уладаў да знікненняў схаваць не атрымаецца. Падзеі ў суседніх краінах, а менавіта - прысуд удзельніку забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ - паказваюць гэта.
Аляксандр Атрошчанкаў адзначыў, што толькі дзякуючы апазіцыі, праваабаронцам і журналістам у свой час удалося прадухіліць пашырэнне палітычных забойстваў.
«Тое, што гэтыя знікненні і смерці закранулі невялікую колькасць беларусаў - вялікае дасягненне. Гэта заслуга апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў і ўсяго беларускага грамадства. Распаўсюджванне інфармацыі аб гэтых справах дало зразумець уладам, што яны не будуць забытыя. Расследаванні, у тым ліку з боку праваабаронцаў і журналістаў, праводзіліся ў Беларусі тады, калі гэта было магчыма. Потым многія з іх удзельнікаў былі вымушаныя пакінуць краіну і працягнуць сваю працу за мяжой», - сказаў ён.
Былы палітвязень упэўнены, што небяспека па-ранейшаму пагражае апанентам рэжыму, у першую чаргу - тым з іх, хто цяпер знаходзіцца за кратамі. Ён нагадаў аб правакацыях, якія ладзіць адміністрацыя турмаў і калоній у дачыненні да іх.
«У гэтым выпадку трэба гаварыць пра прэзумпцыю вінаватасці дзяржавы. Апаненты рэжыму трапілі ў турму здаровымі людзьмі і, калі з імі нешта здарыцца, то ў гэтым будуць вінаватыя адміністрацыя месцаў зняволення і ўлады», - заявіў ён.