У Менску пройдзе вечар памяці зніклых палітыкаў
- 14.03.2013, 12:27
Маладыя хрысціянскія дэмакраты запрашаюць на вечар «Мы не забудзем!».
Вечар прысвечаны памяці зніклых палітыкаў і журналістаў: Юрыя Захаранкі, Змітра Завадскага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а таксама памерлага пры нявысветленых абставінах Генадзя Карпенкі.
Вечар адбудзецца 16 сакавіка, у 16 гадзін на Чарнышэўскага, 3 (офіс Партыі БНФ), паведамляе прэс-служба БХД.
Моладзь БХД такім чынам хоча прыцягнуць увагу грамадства да спраў зніклых, паколькі ў 2014 і 2015 гадах сканчаюцца тэрміны іх расследавання і справы могуць быць зачыненыя.
Удзел у мерапрыемстве прымуць Гары Паганяйла, Андрэй Клімаў, Юрый Хашчавацкі, Віталь Рымашэўскі і іншыя.
У рамках вечара будзе прапанавана падпісаць петыцыю, складзеную Гары Паганяйлам у Генпракуратуру, з патрабаваннем расследавання гэтых спраў.
МХД будзе праводзіць такія вечары штомесяц 16 чысла, прысвячаючы іх кожнаму са зніклых.
Наступнае мерапрыемства будзе прысвечана Юрыю Захаранку.