Беларуская апазіцыя стварае правацэнтрысцкую кааліцыю
- 23.11.2015, 17:14
Новая кааліцыя збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх «выбарах» у Беларусі.
У кааліцыю ўвойдуць: рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП), аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і Партыя БНФ.
Як стала вядома БелаПАН, прадстаўнікі гэтых арганізацый падчас візіту ў Брусэль 17-19 лістапада падпісалі дэкларацыю аб стварэнні правацэнтрысцкага блока. Візіт праходзіў паводле запрашэння Еўрапейскай народнай партыі.
Мяркуецца, што новая кааліцыя будзе супольна ўдзельнічаць у дзвюх найбліжэйшых выбарчых кампаніях шляхам стварэння адзінага спісу кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2016 і вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года.
Прадстаўнікі названых структур пакуль не пацвярджаюць факт падпісання дэкларацыі аб стварэнні кааліцыі. У той жа час яны не адмаўляюць, што правацэнтрысцкія арганізацыі абмяркоўваюць планы супольнай дзейнасці.