BE RU EN

Масква абяцае Афінам крэдыт у абмен на грэцкія актывы

  • 7.04.2015, 15:34

Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас наведае Расею з працоўным візітам.

Масква гатовая разгледзець пытанні надання Грэцыі зніжак на газ і выдачы новых крэдытаў. Пра гэта піша "Коммерсант" са спасылкай на крыніцу ў расейскім урадзе.

"Мы гатовыя разгледзець пытанне аб наданні Грэцыі зніжкі на газ: кошт яго паводле кантракту прывязаны да кошту нафты, які цягам апошніх месяцаў істотна знізіўся. Мы таксама гатовыя абмеркаваць магчымасць выдзялення Грэцыі новых крэдытаў. Але тут мы, у сваю чаргу, зацікаўленыя ў кроках насустрач - прынамсі, у плане атрымання Расеяй пэўных актываў у Грэцыі", - цытуе газета сваю крыніцу.

Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас наведае Расею з працоўным візітам. У сераду грэцкі прэм'ер сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным. Таксама Цыпрас запрошаны на Парад Перамогі ў Маскве 9 траўня.

Цыпрас прыбудзе ў Маскву ў аўторак вечарам. Акрамя сустрэчы з Пуціным у грэцкага прэм'ера запланаваныя перамовы з прэм'ер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым, спікерам Дзярждумы Сяргеем Нарышкіным і патрыярхам Кірылам.

"У сувязі з цяперашнімі рознагалоссямі паміж ЕЗ і Расеяй і праблемамі, якія ўзніклі праз украінскі крызіс, візіт Алексіса Цыпраса ў Маскву мае гістарычнае значэнне. Еўропа і Расея знаходзяцца на гістарычным скрыжаванні. Мэта ж нашага ўраду - прадухіліць далейшае паглыбленне канфлікту, дабіцца пачатку новай вясны ў стасунках паміж ЕЗ і Расеяй", - распавёў намеснік кіраўніка мінабароны Грэцыі, сустаршыня двухбаковай урадавай камісіі ў эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Костас Ісіхас.

Апошнія навіны