Начальніка Шклоўскай калоніі адправілі на павышэнне
- 16.06.2015, 10:00
Неўязнога ў ЕЗ начальніка шклоўскай калоніі Сяргея Ярмаліцкага прызначылі начальнікам управы Дэпартамента выканання пакаранняў Гомельскай вобласці.
Пра гэта паведамляе сайт ПЦ "Вясна" са спасылкай на раённую газету "Ударны фронт".
Пры развітанні з палкоўнікам Сяргеем Ермаліцкім, першы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама, начальнік управы сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Засімчук ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў яму Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта "за шматгадовую добрасумленную працу, высокі ўзровень прафесіяналізму і асабісты ўклад у справу ўзмацнення законнасці і правапарадку".
Палкоўнік Ермаліцкі адпрацаваў у Шклоўскай папраўчай калоніі 22 гады. Падчас сваёй службы ён прайшоў ступені кар'ернага росту ад начальніка атрада да начальніка папраўчай калоніі.
У Шклоўскай калоніі падчас кіраўніцтва Сяргея Ярмаліцкага адбывалі пакаранне многія беларускія палітвязні, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Класкоўскі, Алег Гнедчык, Мікалай Дзядок, Уладзімір Лобан, Арцём Пракапенка, Дзмітрый Новік і іншыя.
У кастрычніку 2011 Сяргею Ермаліцкаму быў забаронены ўезд на тэрыторыю краін Еўрапейскага Звязу за ціск на палітычных вязняў у калоніі. Пазней візавыя санкцыі з боку краін Еўрапейскага Звязу за ціск на палітвязняў былі пашыраныя яшчэ на двух супрацоўнікаў Шклоўскай калоніі - Ігара Алейнікава і Вадзіма Шаменава.