BE RU EN

У Францыі ўпершыню нарадзіліся дзіцяняты панды

  • 5.08.2017, 13:25

Першая лэдзі Брыжыт Макрон стане хроснай маці для маленькай панды.

Двое дзіцянятаў гіганцкай панды нарадзіліся позна вечарам 4 жніўня ў заапарку Боваль у Францыі, адзін з іх памёр, паведамляе Reuters.

Мама Хуан Хуан была некалькі дзён пад наглядам каманды спецыялістаў, у тым ліку двух кітайцаў. Першы малы быў занадта слабы і памёр праз дзве гадзіны. У дзікай прыродзе панды звычайна нараджаюць па адным дзіцяняці.

Панды нараджаюцца маленькімі (вага дзіцяняці, які выжыў, складае 142,4 грама), сляпымі і ружовымі, амаль без валасянога покрыва.

Новага насельніка французскага заапарка назвалі Юан Дзы-малодшы. Работнікі заапарка апублікавалі фота і відэа з нованароджаным.

Імёны нованароджаным выбралі кітайцы. А французы абвясцілі, што першая лэдзі Брыжыт Макрон стане хроснай маці для маленькай панды, паведамляе CGTN.COM на AFP.

Гэта першае патомства адзінай пары панд у Францыі, яны знаходзяцца ў краіне з 2012 года па дамове арэнды з КНР на 10 гадоў.

Апошнія навіны