NYT: Ёсць інструмент, каб прымусіць Расею выдаць Пуціна Гаазе
- 18.03.2023, 15:21
У канчатковым выніку кіраўнік РФ апынецца на лаве падсудных.
Расея не можа дабіцца зняцця міжнародных санкцый датуль, пакуль прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і «дзіцячага» амбудсмэна Марыю Львову-Бялову не выдадуць Міжнароднаму крымінальнаму суду.
Пра гэта ў каментары The New York Times выказаўся былы амбасадар у асобых даручэннях, які ўзначальваў Упраўленне глабальнага крымінальнага правасуддзя ў Дзярждэпе, Стывен Рэп. Ён адзначыў, што пастанова МКС зробіць Пуціна ізгоем.
Куды б Пуцін не паехаў, яму ўвесь час будзе пагражаць арышт. «Гэта ніколі не знікне», - выказаўся Рэп.
Больш за тое, з ягоных слоў, Расея не можа дабіцца зняцця міжнародных санкцый без выканання ордэраў суда.
На думку Рэпа, у канчатковым выніку Пуцін апынецца ў Гаазе, дзе судзілі іншых абвінавачаных у вайсковых злачынствах. «У адваротным выпадку, Пуцін памрэ з гэтым (ордэрам), які вісіць над яго галавой».
Як паведамляў сайт Charter97.org, Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна і амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Іх абвінавачваюць у гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Галоўны пракурор МКС Карым Хан назваў пастанову суда «гістарычнай», бо ўпершыню да крымінальнай адказнасці могуць прыцягнуць прэзідэнта дзяржавы-сябра Рады бяспекі ААН.