Эксперт назваў дзве мэты ўкраінскіх удараў па Крыме
- 22.09.2023, 20:11
Гэта не тактыка, а мэтанакіраваная стратэгія.
Удары па ваенных аб'ектах расейцаў на тэрыторыі часова акупаванага Крыма і Севастопаля з'яўляюцца стратэгіяй Узброеных сілаў Украіны, якая мае дзве мэты. Пра гэта РБК-Украіна расказаў кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.
«Гэта не тактыка, гэта мэтанакіраваная стратэгія дэмілітарызацыі Крыма ад расейскай вайсковай прысутнасці. І гэтая стратэгія мае дзве мэты, якія мы назіраем», – сказаў ён.
Першая мэта, паводле словаў Мусіенкі, – знішчэнне магутнасцяў Чарнаморскага флоту, гэта значыць надводнага і падводнага складніку расейскіх войскаў, каб усталяваць дамінаванне і панаванне Украіны ў паўночна-заходняй частцы акваторыі Чорнага мора.
«Другая – гэта памяншэнне ваенных аб'ектаў у Крыме, якія выкарыстоўваюцца акупантамі для забеспячэння сваёй групоўкі на поўдні, якая процідзейнічае цяпер украінскаму контрнаступу», – растлумачыў эксперт.
Як нагадаў Мусіенка, удары па акупаваным Крыме актыўна праходзяць ужо некалькі тыдняў.
«Чаму гэта робіцца магчымым? Бо раней былі паспяховыя ўдары па сродках СПА і радарах у Крыме. Камбінаваная задача выконваецца: спачатку вораг фактычна асляпляецца, а потым наносяцца ўдары дронамі і ракетамі па ваенных аб'ектах», – рэзюмаваў ён.
Удары па Крыме і Севастопалі
Апошнія тыдні ў Крыме актывізавалася «бавоўна». То расейцы скардзяцца на масавыя напады дронаў, то на ракетныя ўдары. Аднак сёння выбухі ў Крыме чуваць ледзь не ўвесь дзень.
Так, украінскія вайскоўцы ўдарылі па штабе Чарнаморскага флоту РФ у Севастопалі. Паралельна адбыліся выбухі і ў іншых раёнах Крыма, напрыклад у Сімферопальскім, а таксама каля сёлаў Первамайскае і Чырвонагвардзейскае. Таксама выбух чулі ў Бахчысараі, там таксама бачылі дым.