Трамп высунуў на пасаду кіраўніка NASA астранаўта-мільярдэра Джарэда Айзэкмана
- 4.12.2024, 21:58
Ён паабяцаў «пакласці пачатак эпосе, калі чалавецтва стане сапраўднай касмічнай цывілізацыяй».
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў на пасаду кіраўніка касмічнага агенцтва NASA бізнэсмэна Джарэда Айзекмана. Палітык паведаміў пра гэта ў сваёй сацсетцы Truth Social.
«Жарсць Джарэда да космасу, досвед астранаўта і імкненне пашыраць межы даследаванняў, раскрываць таямніцы Сусвету і развіваць новую касмічную эканоміку робяць яго ідэальным кандыдатам на тое, каб узначаліць NASA ў новую смелую эру», – напісаў Трамп.
Айзэкман напісаў у X, што з гонарам прымае прапанову і дадаў: «Другая касмічная эра толькі пачалася. Космас валодае беспрэцэдэнтным патэнцыялам для прарываў у вытворчасці, біятэхналогіях, здабычы карысных выкапняў і, магчыма, нават у пошуку новых крыніцаў энэргіі. Неўнікнёна ўзнікне расквітнелая касмічная эканоміка, якая створыць магчымасці для вялікай колькасці людзей жыць і працаваць у космасе». Ён паабяцаў «пакласці пачатак эпосе, калі чалавецтва стане сапраўднай касмічнай цывілізацыяй», а таксама ажыццявіць палёт амерыканцаў на Месяц і Марс.
Айзэкману 41 год. Ягонае багацце – $ 1,8 млрд, падлічыў Forbes. Айзэкман у 1999 годзе, калі яму было 16 гадоў, заснаваў і ўзначаліў кампанію апрацоўкі плацяжоў Shift4 Payments. Спачатку ён вёў бізнэс у склепе дома сваіх бацькоў у Нью-Джэрсі. Цяпер Shift4 Payments апрацоўвае плацяжы для траціны рэстаранаў і гатэляў у ЗША.