«У горадзе такога за восем гадоў жыцця ў мяне не было»
- 9.12.2024, 18:21
Сямейная пара з Менска прыдумала, як развязаць кватэрнае пытанне.
Беларуска расказала ў TikTok, як яны з мужам здзейснілі мару – набылі сваё жыллё. Гэта быў недагледжаны вясковы дом з кучай хламу, які пара пачала рамантаваць. У будынку яшчэ шмат працы, але сям'я ўжо пераехала туды жыць. Пры гэтым аўтарка роліку паведаміла, што не пакінула сваю працу ў Менску: яна майстарка манікюру і тры разы на тыдзень дабіраецца на электрычцы і метро да свайго кабінета, піша «Люстэрка».
Сям'я пяць гадоў арандавала жыллё ў Менску. Усё жыццё матацца па здымных кватэрах яны не хацелі, таму пастанавілі набыць нерухомасць у вёсцы. Спачатку муж і жонка шукалі дом за адну базавую велічыню (на сёння гэта 40 рублёў), але ім так нічога і не спадабалася. Аднак прыдатны для набыцця аб'ект знайшоўся ў аграгарадку Горкі Стаўбцоўскага раёна, ён размешчаны за 10 км ад Стоўбцаў і за 60 км ад Менска. Гэтае жыллё прадавалася ад прыватнай асобы. У студзені беларусы сталі ўладальнікамі зарослага надзелу плошчай 25 сотак і захламленага дома са старой мэбляй.
Працы на набытым аб'екце было шмат, але пара пастанавіла, што разам яны справяцца. Надавала сілаў і радавала, што цяпер у іх ёсць сваё ўласнае жыллё, тым больш лакацыя ім вельмі падабалася: недалёка ад дома – вялікае возера, з вёскай ёсць транспартныя зносіны, ездзіць аўтобус. А бонусам былі свежае паветра, прырода і адсутнасць гарадскога шуму і мітусні.
У лістападзе, калі дом быў адрамантаваны толькі часткова, сям'я разарвала дамову арэнды кватэры ў Менску і пераехала жыць у вёску.
Аўтарка роліку расказала, што, нягледзячы на змену месца жыхарства, працаваць яна пастанавіла на ранейшым месцы – майстаркай у сваім манікюрным кабінеце ў Заводскім раёне Менска. Жанчына патлумачыла, што яе бізнэс – гэта «больш, чым проста пазногці», гэта напрацаваная кліенцкая база, знаёмыя людзі ў будынку, дзе яна арандуе памяшканне, камфортныя зносіны.
«Навошта мне з'язджаць з добрага месца і аддаваць кабінет канкурэнтам?» – адзначае блогерка. Хоць жанчына не выключае верагоднасці, што калі-небудзь яна распачне справу ў Стоўбцах.
Цяпер беларуска тры дні на тыдзень ездзіць на працу. На працу ў адзін бок у яе ідзе крыху менш за дзве гадзіны. Звычайна муж яе падкідвае на аўтамабілі да чыгуначнай станцыі ў Стоўбцах (туды можна дабрацца і на аўтобусе), адтуль жанчына дабіраецца электрычкай да Менска, а потым спускаецца ў метро і едзе да сваіх кліентак.
«Ад паху электрычкі кайфую. Як ні дзіўна, я ўвогуле не стамляюся, мусіць, таму, што мая праца прыносіць мне толькі задавальненне. Мне зручна, графік такі, што ўсё паспяваю, маючы дваіх дзяцей», – паведаміла аўтарка ролікаў.
У каментарах многія гледачы падбадзёрваюць аўтарку ролікаў, маўляў, з часам усё ў доме зробіце і будзеце радавацца. А што да выдаткаванага часу на працу, дык некаторыя думаюць, што ў гэтым няма нічога страшнага, часам жа, нават жывучы ў Менску, даводзіцца гадзіну-паўтары дабірацца да патрэбнага месца. Аднак знайшліся і скептыкі, якія мяркуюць, што на аднаўленне «разваленага дома» спатрэбяцца вялізныя грошы, да таго ж ідэя жыць у вёсцы не вельмі добрая, а ўжо ездзіць на цягніку ў Менск, каб працаваць, – і тым больш.
«Я заўсёды гаварыла: горад – гэта праца, вёска – жыццё. Я ў вёсцы адпачываю маральна, фізічна і ўвогуле кайфую. У горадзе такога за восем гадоў жыцця ў мяне не было. Так што жыццё я выбіраю толькі ў вёсцы», – адказвае хейтарам блогерка.