У ЗША адбылося масавае адключэнне сувязі
- 22.02.2024, 18:12
Афіцыйна аб прычынах праблем не паведамлялі.
У Злучаных Штатах Амерыкі адбыўся маштабны збой у працы адной з найбуйнейшых амерыканскіх тэлекамунікацыйных кампаній AT&T.
Як піша CNN, збой прывёў да таго, што кліенты кампаніі па ўсёй тэрыторыі Штатаў не маглі здзяйсняць званкі, адпраўляць тэкставыя паведамленні і выходзіць у сетку. Аб праблемах заявілі і кліенты Verizon і T-Mobile, аднак кампаніі сказалі, што ў іх няма праблем – магчыма, людзі проста не маглі звязацца з тымі, хто карыстаецца паслугамі AT&T.
Як сведчаць звесткі сайта DownDetector, аб праблемах з AT&T паведамілі больш за 74 тысячы чалавек. Кампанія прызнала факт паўсюднага адключэння, але не назвала прычыну збою сістэмы.
- Некаторыя нашы кліенты сёння раніцай адчуваюць перабоі ў рабоце бесправадной сувязі. Мы тэрмінова працуем над аднаўленнем іх абслугоўвання, - заявілі яны.
Крыніца паведаміла журналістам, што праблема можа быць звязаная з пірынгам. З яе слоў, няма ніякіх прыкмет таго, што перабоі адбыліся ў выніку кібератакі.
Збоі прывялі да парушэння працы шэрагу службаў. Так, дэпартамент надзвычайных сітуацый Сан-Францыска паведаміў, што ў яго цэнтр 911 паступаюць не ўсе званкі, а ў штаце Агаё збой паўплываў на працу пажарнай сігналізацыі Верхняга Арлінгтона.