Пуцін паляцеў на стратэгічным бамбавіку Ту-160М
- 22.02.2024, 20:35
Гэта трэці палёт кіраўніка РФ на баявым самалёце за 25 гадоў.
Уладзімір Пуцін здзяйсняе палёт на стратэгічным бамбавіку Ту-160М. Самалёт стартаваў з пляцоўкі Казанскага авіяцыйнага завода імя Гарбунова.
Напярэдадні прэзідэнт здзейсніў візіт на гэтае прадпрыемства. Ён цягам 10 хвілінаў сядзеў за штурвалам Ту-160М, а потым прапанаваў прысвоіць яму імя першага прэзідэнта Татарстана Мінцімера Шайміева.
Палёт зойме блізу 40 хвілінаў, план палёту – ваенная таямніца, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, паведамляе «Інтэрфакс».
Ту-160М – мадэрнізаваная версія ракетаносца, які быў распрацаваны яшчэ ў 1970-я гады АКБ імя Тупалева. З ягоным папярэднікам Пуцін пазнаёміўся ў 2005 годзе. Тады прэзідэнт лётаў на гэтым самалёце падчас супольных вучэнняў з Паўночным флотам. Перад гэтым ён прайшоў перадпалётную падрыхтоўку, медыцынскі кантроль, інструктаж у бяспецы і сістэме катапультавання.
У 2000 годзе Пуцін, які на той момант быў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, здзейсніў палёт на знішчальніку Су-27 у якасці другога пілота. Самалёт тады суправаджаў іншы Су-27 з баявой нагрузкай.