Каманда Беларусі ў пляжным футболе сенсацыйна выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету
- 22.02.2024, 20:47
У чвэрцьфінале беларусы перамаглі трохразовых чэмпіёнаў свету.
Сёння на чэмпіянаце свету ў пляжным футболе, які праходзіць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, каманда Беларусі ў 1/4 фіналу згуляла з трохразовым чэмпіёнам свету камандай Партугаліі.
Беларусы першымі прапусцілі (0:1), потым тройчы забілі (3:1, хет-трык у Ігара Брыштэля), потым двойчы прапусцілі – 3:3. Асноўны час так і скончыўся (тры таймы 12 хвілінаў кожны). Быў прызначаны дадатковы тайм (таксама тры хвіліны), і беларусы ў канцы забілі пераможны гол: 4:3 (вызначыўся Ігар Брыштэль).
У паўфінале Беларусь у суботу згуляе з пераможцам пары Італія – Таіці.
Каманда Беларусі ўдзельнічала ў чэмпіянаце свету трэці раз. Першыя два разы яна не змагла выйсці з групы, а на гэты раз выйшла ў плэй-оф з першага месца, перамогшы ва ўсіх трох матчах: Сенегал (6:4), Японію (3:1), Калумбію (4: 1).
Ігар Брыштэль забіў дзесяць мячоў.