BE RU EN

Камала Гарыс: Прыхільнасць NATO — гэта святое

  • 23.07.2024, 9:53

Віцэ-прэзідэнтка ЗША супраць ізаляцыянізму.

У Нямеччыне згадваюць выказванні пра NATO і Украіну магчымай кандыдаткі ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Камалы Гарыс, але прызнаюць: да Джо Байдэна з ягоным досведам ёй далёка, піша «Нямецкая хваля».

Cайт інфармацыйнай праграмы Tagesschau першага нямецкага тэлеканала ARD нагадвае пра самую маштабную сёлета прамову Камалы Гарыс на знешнепалітычныя тэмы - пра яе выступ у лютым на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. У ёй віцэ-прэзідэнтка ЗША "цалкам выразна выказалася на карысць NATO і міжнароднага супрацоўніцтва з відавочнай мэтай падкрэсліць адрозненне ад Трампа, які прытрымліваецца куды больш крытычнага тону, калі гаворка заходзіць аб гэтым ваенным альянсе або аб традыцыйных саюзніках".

На мюнхенскай прамове Камалы Гарыс падрабязна спыняецца інфармацыйны партал Web.de у артыкуле, у якім аналізуюцца магчымыя наступствы яе абрання прэзідэнтам ЗША для Еўропы. Партал адзначае, што пасля ўступлення на пасаду амерыканскай віцэ-прэзідэнткі Камала Гарыс тры гады запар, у 2022-м, у 2023-м і ў 2024-м, удзельнічала ў працы гэтага форума. А ён разглядаецца як адно з найважнейшых пляцовак для абмеркавання трансатлантычных саюзніцкіх стасункаў паміж ЗША і Еўропай на фоне актуальных глабальных выклікаў.

«У сваёй прамове ў лютым гэтага года Камала Гарыс выступіла як Анты-Трамп, - нагадвае партал Web.de. - У ЗША, казала яна, ёсць некаторыя людзі, якія хочуць адгарадзіцца ад вонкавага свету, грэбуюць дамоўленасцямі, збіраюцца падтрымліваць дыктатараў. Гэта, паводле ейных слоў, "небяспечна, вядзе да дэстабілізацыі і недальнабачнасці". Хто глядзіць толькі ўнутр, той не зможа супрацьстаяць вонкавым пагрозам, "ізаляцыя не забяспечвае абарону".

У сувязі з гэтым, працягвае Web.de, “Гарыс заявіла аб сваёй прыхільнасці глабальнаму лідарству ЗША, вайсковай падтрымцы Украіны і амерыкана-еўрапейскаму вайсковаму саюзу NATO, які Дональд Трамп і яго прыхільнікі ўжо пахавалі. "Прыхільнасць NATO - гэта святое", - сказала Гарыс. "NATO - гэта самы значны вайсковы саюз, які калі-небудзь існаваў", - цытуе з той прамовы інфармацыйны партал.

Апошнія навіны