У Расеі заблакавалі абаронены мэсэнджар Signal
- 10.08.2024, 11:31
Паступаюць масавыя скаргі ад карыстальнікаў.
Мэсэнджар Signal заблакаваны ў Расеі «за парушэнне заканадаўства», з такой заявай у пятніцу, 9 ліпеня, выступіў Раскамнагляд. «Доступ да мэсэнджара Signal абмежаваны ў сувязі з парушэннем патрабаванняў расейскага заканадаўства, выкананне якіх неабходнае для прадухілення выкарыстання мэсэнджара ў тэрарыстычных і экстрэмісцкіх мэтах», – заявілі ў прэс-службе ўстановы, паведамляе «Нямецкая хваля».
Скаргі карыстальнікаў на збоі ў працы Signal
Расейскія карыстальнікі скардзяцца на праблемы ў працы мэсэнджара Signal. Мэсэнджар немагчыма адкрыць без VPN або ўключэння рэжыму абыходу блакаванняў, паведамілі «Важныя гісторыі» са спасылкай на звесткі сэрвісаў «Сбой.рф» і Downradar.
Пра збоі ў працы Signal, у ліку іншых, паведамляюць жыхары Масквы, Санкт-Пецярбурга, Краснадарскага краю, Ніжагародскай, Самарскай, Новасібірскай і Свярдлоўскай абласцей. Паведамленні пра праблемы пакінулі блізу дзвюх тысячаў карыстальнікаў. Telegram-канал «За Телеком» мяркуе, што расейскія ўлады маглі пачаць блакаваць Signal.
Эксперты ў сферы кібербяспекі ўважаюць Signal за найбольш бяспечны мэсэнджар для абмену паведамленнямі, паколькі сэрвіс выкарыстоўвае скразное шыфраванне. Гэта дае магчымасць абараніць перапіску ад перахопу аператарам сотавай сувязі і спецслужбамі. Signal, у адрозненне, напрыклад, ад WhatsApp, таксама не захоўвае рэзервовыя копіі чатаў на сваіх сэрверах.