BE RU EN

Наталля Радзіна: Лукашэнку загадалі разыграць спектакль

  • 12.08.2024, 11:35

Што стаіць за перакідкай беларускіх войскаў да ўкраінскай мяжы.

Лукашэнка заявіў, “УСУ парушылі паветраную прастору Беларусі”. Дыктатар расказаў аб "знішчэнні дронаў" і распарадзіўся адправіць войскі на мяжу з Украінай.

Чаго чакаць ад беларускага дыктатара ў гэтай сітуацыі? Пра гэта галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна расказала на YouTube-канале вядомага ўкраінскага журналіста Віталя Портнікава:

- Лукашэнка ніяк не мог адмаўчацца пасля вайсковай аперацыі УСУ ў Курскай вобласці РФ. Тут ён гуляе ў адной пары з Пуціным. Як я разумею, яму паступіў загад тэрмінова адцягваць сілы ўкраінскага войска ад Курскага кірунку ў бок беларускай мяжы.

Таму з боку Лукашэнкі пачалі гучаць пагрозы, было заяўлена аб нейкіх “украінскіх дронах”, якія нібыта заляцелі на беларускую тэрыторыю і былі збітыя. Як высветлілася, ніякія дроны з Украіны ў Беларусь не заляталі. Гэта быў абсалютны фэйк і хлусня з боку Лукашэнкі. Яму была патрэбная толькі нагода для таго, каб сцягнуць частку ССА і войска да мяжы з Украінай. Не думаю, што за гэтым рушыць наступ і яны пяройдуць беларуска-ўкраінскую мяжу. На маю думку, гэта спектакль, каб адцягнуць увагу УСУ ад наступу на тэрыторыі Расеі.

Віталь Портнікаў выказаў меркаванне, што для правакацый не патрэбны вялікія вайсковыя злучэнні. Украінскі журналіст назваў магчымую мэту такога рэйду беларускіх войскаў - Ровенская АЭС. Наталля Радзіна мяркуе, што выконваць такія задачы ў Беларусі можа вельмі абмежаваная колькасць вайскоўцаў:

- Для такіх рэйдаў патрэбныя Сілы спецыяльных аперацый. Гэта блізу пяці тысяч чалавек. У нас ёсць тры брыгады войскаў спецыяльнага прызначэння - 38-я Берасцейская дэсантна-штурмавая брыгада, 103-я Віцебская і 105-я – з Мар'інай Горкі. Але ведаю, што далёка не ва ўсіх тамака такія настроі, каб ісці і ваяваць ва Украіну. Хаця іх апрацоўваюць увесь час.

Беларусы, на думку галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org, не маюць ілюзій і наконт пуцінскага рэжыму:

- Напад на Украіну прывёў беларусаў да разумення, што такое Расея. Пачалі цверазець яшчэ ў 2020 годзе, калі Пуцін адкрыта падтрымаў Лукашэнку і здушыў народную рэвалюцыю. Тады беларусам стала зразумела, што Пуцін — ніякі не сябар, ён нічым не лепшы за Лукашэнку. У 2022 годзе ўжо большасць беларусаў зразумела, што нам трэба адмяжоўвацца ад гэтага страшнага ўсходняга суседа і рухацца ў бок Еўропы.

Пытанне ў тым, што нам рабіць зараз, калі сілы не роўныя. Думаю, што сітуацыя будзе мяняцца. У Пуціна няма столькі сіл, каб гэтая вайна працягвалася занадта доўга. Ужо сёння ў яго няма сіл, каб бараніць уласныя межы. Хто паехаў абараняць Курскую вобласць? Кінулі няшчасных жаўнераў тэрміновай службы, кадыраўцы разбегліся. А зараз кажуць, што ўвосень яму давядзецца праводзіць новую мабілізацыю, а Пуцін вельмі не хоча яе праводзіць. Выплаты кантрактнікам, у тым ліку - за гібель іх сваякам, велізарныя. Бюджэт не можа іх не адчуць.

Я бачу з сітуацыі ў Беларусі, што Пуцін ужо не можа ўкладаць такія грошы ў стабільнасць рэжыму Лукашэнкі, як раней. Бо не ўсё так радасна ў расейскай эканоміцы, а гэта значыць, што ў Расеі заканчваюцца грошы на свае сатэлітныя дзяржавы. Мне здаецца, што ўсё можа адначасова пасыпацца і нас чакаюць вялікія перамены. Але гэтым разам - пазітыўныя.

Віталь Портнікаў адзначыў, што беларускі дыктатар выглядае ўсё горш, параўнаўшы яго з Грамазекам - героем савецкага мультфільма "Таямніца трэцяй планеты". Наталля Радзіна расказала, што вядома пра яго стан:

- Выглядае ён сапраўды жахліва. Казалі, што ў яго цукровы дыябет, а сам ён - на нейкіх гармонах або стэроідах. Псіхічна ён заўсёды быў нестабільны. Калі ён быў здаровы? Тое, што Лукашэнка сказаў пра свой сыход - ён увесь час пра гэта кажа. Бо дыктатар разумее, што гэта найлепшы спосаб трапіць ва ўсе медыі. Толькі вось Лукашэнка ўжо 30 гадоў збіраецца сыходзіць. Думаю, што Лукашэнку хутчэй вынесуць наперад нагамі, чым ён сыдзе сам.

Бачу, што ў наменклатуры сёння розныя настроі. Яны ведаюць, што Лукашэнка не вечны, лепш за нас ведаюць пра рэальную сітуацыю ў Расеі. Выдатна ўмеюць лічыць грошы і ведаюць, колькі грошай ідзе з Расеі ў Беларусь. Таму і чыноўнікі сёння незадаволеныя Лукашэнкам.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што Лукашэнка не можа пакінуць замест сябе пераемніка:

- Гэта сапраўды дыктатура персаналісцкага тыпу. Хто б не паспрабаваў сесці на ягонае крэсла, не выйдзе ўтрымаць сітуацыю ў краіне і Беларусь абавязкова чакаюць перамены. У кожным выпадку будзе акно магчымасцяў. Расея таксама не зможа падтрымаць дыктатуру, бо яе саму чакаюць узрушэнні ў выніку гэтай вайны.

Віталь Портнікаў звяртае ўвагу на небяспеку Лукашэнкі для Украіны, бо ў яго, са слоў журналіста, "няма тармазоў". Наталля Радзіна заклікае не надаваць беларускаму дыктатару лішняй суб'ектнасці і разумець, што ён толькі выканаўца волі Крамля:

- Каб зразумець, чаго чакаць ад Лукашэнкі, трэба разумець, чаго варта чакаць ад Пуціна. Бо гэта Пуцін без тармазоў, а Лукашэнка - марыянетка ў ягоных руках. Пуцін можа выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нейкіх наступальных рухаў у бок Украіны ці краін Балтыі, пра што гаворыцца ў апошні год - захоп Сувалцкага калідора і акупацыя Літвы, Латвіі і Эстоніі. З гэтага боку ён сапраўды небяспечны. Але не трэба надаваць яму суб'ектнасці. Лукашэнка абсалютна несамастойны.

Пытанне ў тым, ці ёсць сёння ў Пуціна сілы. Калі ён не ў стане абараніць Курскую вобласць, то ні пра які захоп краін Балтыі размова ісці не можа. Мяркуючы з усяго, і фінансавыя, і чалавечыя рэсурсы ў Расеі не бясконцыя. Гледзячы на сённяшнюю сітуацыю, Пуцін на такія крокі няздольны.

Віталь Портнікаў, каментуючы аперацыю УСУ ў Курскай вобласці Расеі, прыйшоў да высновы, што з часам ціск можа быць і на беларускі рэжым.

Наталля Радзіна мяркуе, што найлепшы спосаб «падняць стаўкі» - вызваліць Беларусь ад прарасейскай дыктатуры Лукашэнкі:

- Амерыканскі аналітык Юрый Фяльшцінскі кажа, што для перамогі Украіны неабходна некалькі ўмоў. Гэта пастаўкі ўзбраенняў, дальнабойных ракет. Далей - магчымасць біць углыб Расеі, у тым ліку - па Маскве. А таксама ён мяркуе, што для перамогі над Расеяй трэба вызваліць Беларусь. Бо гэта пуцінскі балкон, плацдарм, з якога яму зручна пагражаць і Украіне, і Польшчы, і Літве з Латвіяй. Вызваленне Беларусі, на думку гэтага экспЭрта, дапаможа перамозе Украіны ў гэтай вайне. Ёсць розныя варыянты. Калі мы гаворым аб падвышэнні ставак, можа, ва Украіне і NАТО задумаюцца аб вызваленні Беларусі.

Беларускі народ, калі гэта адбудзецца, падтрымае вызваліцеляў. Калі нехта і будзе супраціўляцца — дык гэта групка адмарозкаў, якія згуртаваліся вакол Лукашэнкі. Нават войска пяройдзе на бок вызваліцеляў, калі прыйдуць з Украіны ці краін NАТО.

Апошнія навіны