BE RU EN

Справа затрыманых у Беларусі грамадзян Латвіі раскідалася

  • 12.08.2024, 12:32

Іх адправілі дадому.

Латвійцы, якія былі затрыманыя ў канцы ліпеня гэтага года ў памежным пункце ў Беларусі праз знойдзены ў аўто пакуначак марыхуаны, вярнуліся дадому, з іх знялі ўсе падазрэнні, паведамляе дзяржаўная ТВ.

Гаворка ідзе пра трох дзяўчат і маладзёна, якія ехалі ў Браслаў на фестываль. Падчас надгляду іх аўтамабіля ў памежным пераходзе беларускія памежнікі знайшлі ў нішы паміж заднім сядзеннем і парогам невялікі мяшэчак. Экспэртыза паказала, што гэта марыхуана, вагой 0,82 грама.

У выніку была распачатая крымінальная справа аб незаконным правозе праз дзяржмяжу наркотыкаў групай асоб.

Са слоў маладзёна, мяшэчак хутчэй за ўсё выпусціў знаёмы, якога ён падвозіў незадоўга да сваёй паездкі ў Беларусь.

«У інцыдэнце хутка разабраліся. Цяпер чацвёра латвійцаў ужо на радзіме», - паведамілі ў эфіры дзяржтэлеканала.

Следчыя і экспэрты праверылі мяшэчак на наяўнасць на ім слядоў каго-небудзь з затрыманых, а таксама правялі аналіз на ўжыванне наркотыкаў усіх чатырох. Вынікі даследаванняў маладыя людзі чакалі ў гатэлі пад падпіскай аб нявыездзе.

"Падчас правядзення экспэртыз наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Беларусі, не выяўлена", - заявіў намеснік начальніка ўправы спецыяльных экспэртыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз у Віцебскай вобласці Юрый Казлоў.

Апошнія навіны