Адзенне гандлёвай маркі Big Star забаранілі ў Беларусі
- 12.08.2024, 12:39
Гэта не першы папулярны імпартны брэнд, чыё адзенне трапляе пад забарону.
У рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта ўнеслі два тыпы жаночых куртак ад брэнда Big Star.
Адна куртка - лёгкая восеньская, выкананая з экаскуры. Другая - уцепленая. Абодва вырабы забракавалі паводле паказчыка «паветрапранікальнасць». Ва ўцепленай куртцы, напрыклад, гэты паказчык у 20 разоў ніжэйшы за дапушчальны.
З 14 жніўня згаданыя курткі ад Big Star забаранілі ўвозіць у Беларусь. І прадаваць у нашай краіне. Тыя вырабы, якія ўжо паступілі ў продаж, павінны быць канфіскаваны.
Big Star - не першы папулярны імпартны брэнд, чыё адзенне трапляе ў рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарту. Раней у "чорны спіс" трапляла адзенне турэцкага брэнда LC WAIKIKI. Гішпанскага брэнда MANGO і MANGO KIDS.
Адзенне і абутак у рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта трапляюць даволі часта. Толькі куртак і толькі сёлета небяспечнымі ў Беларусі прызналі блізу 30 найменняў. Нагавіц у гэтым спісе - блізу 180. Кашуль і блузак - блізу 20.
Усяго ж у рэестры небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарта на 12 жніўня было 1 373 тавары. У асноўным імпартнай вытворчасці.