Расейскія вайскоўцы масава ўцякаюць з войска
- 12.08.2024, 16:53
Колькасць спраў аб уцёках са службы павялічылася ўдвая.
За сем месяцаў з пачатку года расейскія вайсковыя суды прынялі да разгляду 5204 справы аб самавольным пакіданні месца службы (артыкул 337 КК). Гэта больш, чым за ўвесь 2023 год - тады ў інстанцыі паступіла 5096 падобных спраў, піша «Медиазона».
Паказчык павялічваецца рэкорднымі тэмпамі і дэманструе дзесяціразовы рост з 2022 года, за сем месяцаў якога суды прынялі блізу 500 спраў аб самавольным пакіданні месца службы. У параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года гэтая колькасць павялічылася больш чым удвая — з 2396 да 5204. Агулам з траўня ў суды паступае амаль 950 спраў аб адмове ад службы на месяц.
Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну фігурантамі такіх крымінальных спраў сталі больш за 10 000 расейцаў, падлічыла выданне раней. У гэтую статыстыку ўваходзяць не толькі тыя, каго прыцягнулі паводле артыкула аб самаволцы, але і вайскоўцы, абвінавачаныя ў невыкананні загада (артыкул 332 КК), а таксама дэзерціры (артыкул 338 КК). Да сярэдзіны чэрвеня 8594 з іх ужо былі асуджаныя.
Хуткасць разгляду такіх спраў складае блізу 800 прысудаў на месяц, або прыкладна 40 пастаноў за адзін працоўны дзень. Часцей за ўсё суддзі прызначаюць умоўныя тэрміны, што дазваляе камандаванню адпраўляць вайскоўцаў на фронт ва Украіну. Усяго ў Расеі 100 гарнізонных і 9 акруговых/флоцкіх вайсковых судоў.
Цяпер за ўсякае самавольнае пакіданне часткі судзяць як за злачынства, учыненае ў перыяд мабілізацыі. Пакаранне па вышэйназваных і іншых «вайсковых» артыкулах узмацнілі адначасова з масавым наборам расейцаў на вайну, пра які прэзідэнт Уладзімір Пуцін абвясціў 21 верасня 2022 года. Прааналізаваўшы прысуды, «Медиазона» зрабіла выснову, што асноўнай катэгорыяй асуджаных за ўцёкі са службы сталі менавіта мабілізаваныя.
У лютым гэтага года праект «Ідзіце лесам» паведаміў, што колькасць ахвочых дэзерціраваць з шэрагаў расейскага войска ва Украіне за год вырасла ў дзесяць разоў. Калі ў студзені 2023 года ў арганізацыю звярнуліся 28 такіх вайскоўцаў, то ў студзені 2024-га гэтая лічба павялічылася да 284.
У пачатку гэтага года дэзерціры склалі 36% ад агульнай колькасці ўсіх заяўнікаў, з іх 30% былі мабілізаванымі, 50% - кантрактнікамі, якія запісаліся на службу пасля пачатку вайны, і 10% - кантрактнікамі, якія пайшлі ў войска да 24 лютага 2022 года. Яшчэ 10% прыпала на ўсіх астатніх.
Пры гэтым аўтары зваротаў не заўсёды былі добраахвотнікамі, якія паддаліся прапагандзе і вярбоўцы: частка з іх – гэта салдаты тэрміновай службы, якіх перавялі на кантракт гвалтам.