Яўген Магда: У Пуціна існуе спакуса забіць Лукашэнку
- 12.08.2024, 20:07
Яны не сябры.
Ці можа расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін забіць беларускага ўзурпатара Аляксандра Лукашэнку, у эфіры Radio NV расказаў Яўген Магда, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі.
«Я думаю, што такая спакуса ў Расеі існуе. ...> Найперш Пуцін і Лукашэнка не сябры, нягледзячы на высокую інтэнсіўнасць іх кантактаў. Гэта палітычны, геапалітычны шлюб паводле разьліку. Нагадаю, што ў канцы 90-х гадоў XX стагоддзя Лукашэнка хацеў стварыць “саюзную дзяржаву” Расеі і Беларусі для таго, каб яе ўзначаліць на фоне цяжкахворага і ўжо даволі пажылога Барыса Ельцына. Але тут з'явіўся, як чорт з табакеркі, падпалкоўнік ФСБ Уладзімір Пуцін і ўсё перайграў на сваю карысць», – мяркуе Магда.
Ён нагадаў, што і ў 2020 годзе, калі праходзілі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія выклікалі далейшы палітычны крызіс, усе кандыдаты – апаненты Лукашэнкі мелі маскоўскі ўплыў.
«Цяпер беларускія дэмакратычныя сілы не шукаюць падтрымкі ў Маскве, гэта праўда. Але таксама ёсць шмат людзей унутры Беларусі, якія спадзяюцца на падтрымку Расеі, на цёплыя стасункі з Пуціным. Думаю, некаторыя з іх, скажам, новы кіраўнік Генеральнага штаба [Беларусі Павел] Муравейка, сакратар Рады бяспекі [Аляксандр] Вальфовіч, іх часцей за ўсё эксперты называюць такімі, якія могуць памяняць чырвона-зялёны сцяг на расейскі трыкалёр над галоўнымі будынкамі Менска і Беларусі ў цэлым», – растлумачыў Магда.
Таксама палітолаг не выключае ўцёкаў Лукашэнкі з краіны.
«Я не выключаў бы сітуацыю, пры якой Лукашэнка, якога загоняць у кут, забярэ ўсе вядомыя яму расейскія таямніцы, палітычных зняволеных і рушыць, умоўна кажучы, да польска-беларускай мяжы каяцца, бо ў яго проста не будзе іншага выйсця».