Дзяржаўны памежны камітэт заявіў пра «фіксацыю» рызыкаў пераносу дыверсійных дзеянняў у Беларусь
- 12.08.2024, 20:40
У ДПК расказалі пра «вядзенне выведкі беларускай тэрыторыі».
У Дзяржаўным памежным камітэце паведамілі пра фіксаванне рызыкаў пераносу дыверсійных дзеянняў у Беларусь, паведамляе БелТА.
Сярод іншага, афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі паведаміў, што беларускі бок фіксаваў рызыкі пераносу дыверсійных дзеянняў на тэрыторыю краіны.
– Мы фіксавалі нарастанне рызыкі пераносу дыверсійна-тэрарыстычных дзеянняў на тэрыторыю нашай краіны, – заявіў ён.
А потым удакладніў, што гэта было і актыўнае вядзенне выведкі беларускай тэрыторыі, і спробы пранікнення для абсталявання ў памежжы Беларусі сховішчаў са сродкамі паразы. І таксама ўказаў, што Беларусь была вымушаная на гэта рэагаваць, і таму была ўзмоцненая ахова мяжы.
– У тым ліку задзейнічаныя не толькі памежнікі, але і вайсковыя падраздзяленні, – удакладніў ён.
У той самы час Бычкоўскі паведаміў, што на гэты момант адзначаецца значнае зніжэнне колькасці правакацый з боку ўкраінскіх вайскоўцаў. І не назіраецца цяпер новых правакацый паблізу дзяржмяжы або перадумоваў да іх.
Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік ДПК звярнуў увагу на тое, што цяпер абстаноўка на мяжы з Украінай знаходзіцца цалкам пад кантролем.
– Абстаноўка на ўкраінскім кірунку сёння поўнасцю кантралюецца. Памежнікі прадаўжаюць несці службу на паўднёвых рубяжах ва ўзмоцненым рэжыме, – сказаў на заканчэнне ён.