РФ абмяжоўвае рух цягнікоў ад БЧ у кірунку Курскай вобласці
- 14.08.2024, 16:46
Пра гэта заявіла «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
З цэнтральнага апарата кіравання Расейскімі чыгункамі (РЧ) на адрас Беларускай чыгункі (БелЧ) была накіраваная тэлеграма з забаронай адпраўляць грузавыя цягнікі да станцый Арлоўска-Курскага аддзялення Маскоўскай чыгункі (МЧ), паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» са спасылкай на свае крыніцы.
Са слоў крыніц супольнасці, у тэлеграме сказана аб неабходнасці спынення адпраўкі грузавых цягнікоў з 12 жніўня. Пры гэтым тэрмін дзеяння забароны не абмежаваны - паказана, што ён будзе дзейнічаць аж да скасавання.
Як адзначылі ў супольнасці, акрамя баявых дзеянняў, адзначаецца вялікая колькасць «кінутых» цягнікоў (па кодзе 12 - адсутнасць лакаматыва) на станцыях Смаленскай вобласці МЧ. Гэта таксама вядзе да парушэння графіка руху грузавых цягнікоў БЧ у расейскім кірунку.
«Учора, 13 жніўня, адпаведныя тэлефонныя званкі з вуснымі просьбамі адшукаць магчымасці не адпраўляць цягнікі ў кірунку Смаленскага рэгіёну (праз міждзяржаўны стыкавы пункт (МГСП) Асінаўка (БелЧ) — Чырвонае (РЧ)) паступалі непасрэдна з апарата кіравання рухам МЧ», - распавялі ў супольнасці.
Са свайго боку, РЧ сітуацыю з запаўненнем станцый Смаленскага рэгіёну «кінутымі» цягнікамі тлумачыць «адсутнасцю цягі» - неабходнай колькасці лакаматываў (магістральных цеплавозаў і электравозаў), а таксама лакаматыўных брыгад для вывазу цягнікоў.
Напружаная сітуацыя з наяўнасцю неабходнай колькасці лакаматываў і лакаматыўных брыгад на РЧ доўжыцца ўжо працяглы час, а адчувальна - з 2023 года. Прычына - няякасны рамонт, недахоп запчастак, незацікаўленасць людзей нізкааплатнай працай, адзначылі ў беларускай супольнасці чыгуначнікаў.
«Нашы крыніцы паведамляюць, што адсутнасць цягі ў апісанай сітуацыі выкліканая правядзеннем расейскімі ўладамі маштабнай аператыўнай перакідкі войск па кірунку Курскай вобласці і перадыслакацыяй значнай часткі парка грузавых лакаматываў МЧ для ажыццяўлення вайсковых перавозак з цэнтральнай часткі Расеі» - распавялі ў супольнасці.
Пры гэтым некаторыя крыніцы інфармуюць, што сцягванне ўзброеных сіл ідзе фактычна з усіх і нават дастаткова выдаленых або са складанай лагістыкай рэгіёнаў РФ.
Пры гэтым, мяркуючы з сайта БЧ, набыць квіток на пасажырскі цягнік з Менска да Курска зараз усё яшчэ можна. Найбліжэйшы адпраўляецца раніцай 16 жніўня.