BE RU EN

Жыхар Крэва «з драбкоў» без чарцяжоў сабраў трактар

  • 15.08.2024, 9:01

Самаробка круглы год на хаду.

Жыхар мястэчка Крэва Смаргонскага раёна сабраў на сваім пляцы трактар для дапамогі ў гаспадарцы, піша мясцовая газета "Светлы шлях".

Калі журналісты прыехалі ў Крэва, то гаспадара трактара, Аляксандра Труса, там не было. Пра машыну расказвала ягоная жонка Таццяна. Паводле ейных слоў, муж валодае ўнікальнымі навыкамі і ведамі, якія дазваляюць яму рамантаваць аўтамабілі і нават збіраць іх практычна з нуля.

— Любоў да тэхнікі майму мужу, мусіць, прышчапіў ягоны бацька яшчэ ў дзяцінстве, які ўсё жыццё прапрацаваў на трактары. У Аляксандра няма непатрэбнай дэталі, і нічога ён не выкідвае ў металалом. Кажа, што калі-небудзь гэтая гаечка ці шасцярэнька можа стаць часткай вялікага механізму. Вось так прыкладна па драбках ён некалькі гадоў і збіраў гэты трактар, - адзначыла Таццяна Трус.

Ні чарцяжа, ні эскіза для рэалізацыі сваёй задумы ў мужчыны не было. Выкарыстоўваў тое, што падыходзіла ад іншых машын. Калі падбіраў запчасткі, улічваў іх сумяшчальнасць. Часам даводзілася дапрацоўваць і перарабляць некаторыя вузлы, каб яны ідэальна спалучаліся паміж сабой. У выніку ўважлівага планавання і эксперыментаў атрымаўся ўнікальны і функцыянальны транспартны сродак.

Сёння без самаробнага трактара сям'і Трус было б складана спраўляцца з гаспадаркай, піша газета. Нягледзячы на тое, што пляц каля іх дома па сельскіх мерках і невялікі, «памочнік» выконвае мноства задач: восенню і вясной арэ агарод і палетак пад пасадку бульбы, а на працягу года перавозіць грузы. Улетку, напрыклад, трактар выкарыстоўваюць для перавозкі сена.

Апошнія навіны