«Яна дабітая»: Падрабязнасці ліквідацыі расейскай падлодкі «Растоў-на-Доне» ў Крыме
- 4.08.2024, 8:47
Паказальны ўдар адразу з двума наступствамі для РФ.
Пасля такіх аперацый украінскіх Сілаў абароны Расея будзе баяцца рамантаваць караблі ў акупаваным Крыме.
3 жніўня Генштаб паведаміў, што Украіна патапіла падводную лодку ЧФ РФ «Растоў-на-Доне». З гледзішча магчымасцяў Сілаў абароны дасягаць выніку, у гэтым удары па часова акупаваным Крыме гаворка ідзе не толькі пра паразу падводнай лодкі ЧФ РФ, але і пра пазбаўленне расейцаў рамонтнай базы, заявіў ваенны эксперт, кіраўнік Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.
У эфіры тэлемарафону ён адзначыў, што фактычна падводная лодка расейскага флоту «Растоў-на-Доне» была дабітая пасля таго, як у верасні 2023 па ёй быў нанесены ўдар і яе адрамантавалі. Такім чынам Сілы абароны Украіны прадэманстравалі ворагу, што заўсёды дасягаюць пастаўленай мэты.
«Яна ўжо была дабітая. Я вызначыў бы гэты ўдар паказальным таму, што даведзена да канца пачатае – гэта правільна. Мы афіцыйна можам сказаць, што яна знішчаная. І гэта вельмі добрая навіна», – акцэнтаваў Мусіенка.
Таксама пасля такіх паспяховых аперацый украінскіх Сілаў абароны Расея будзе баяцца рамантаваць караблі ў акупаваным Крыме, мяркуе эксперт.
«Другое, я сканцэнтраваў бы ўвагу яшчэ і на Севастопальскім караблерамонтным заводзе. У мяне ўзнікаюць сумневы, што туды цяпер нешта пагоняць на рамонт. Гэта значыць, што паказальна з гледзішча таго, каб пазбавіць ворага рамонтных магчымасцяў тых лодак, якія яшчэ застаюцца», – дадаў ён.
Эксперт адзначыў, што РФ пачала завозіць лодкі такога праекту пасля анэксіі Крыма, а да гэтага іх там не было.
«Гэта такія дызель-электрычныя падводныя лодкі, яны якраз эфектыўныя для такога мора, як Чорнае мора. Яны выконвалі задачы, здольныя несці чатыры ракеты «Калібр» кожная, якія яны, адпаведна, выпускалі», – сказаў Мусіенка.
Адзначаецца, што акупаваны Севастопаль – найбольш зручнае месца для абслугоўвання і рамонту караблёў захопнікаў.
«Усё праводзіць у Новарасійску – тут ёсць пытанні. Таму, з гледзішча пазбаўлення расейцаў рамонтнай базы, гэта вельмі добрая гісторыя», – растлумачыў ён.
Паводле словаў эксперта, расейцы паспрабуюць падняць падводную лодку «Растоў-на-Доне», але для ворага гэта будзе вельмі небяспечнай аперацыяй, паколькі гэтая тэрыторыя будзе заставацца ў зоне паразы Сілаў абароны Украіны.
«Вядома, падводная лодка менш уразлівая, калі яна пад вадой і мы не можам яе дастаць, таму што пакуль няма падводных дронаў. Але калі яна знаходзіцца ў надводным стане, яе можна даставаць», – рэзюмаваў ён.
Паводле паведамлення Генштаба УСУ, у выніку паспяховых удараў Сілаў абароны Украіны па часова акупаваным Крыме ў ноч на пятніцу, 2 жніўня, у порце Севастопаля была разбітая падводная лодка ЧФ РФ «Растоў-на-Доне». Яна затанула на месцы.