BE RU EN

ЗША вызначыліся, як будуць супрацьстаяць Расеі і Кітаю ў выпадку Трэцяй сусветнай вайны

  • 4.08.2024, 12:28

Апублікаваная справаздача Камісіі нацыянальнай абароннай стратэгіі Кангрэса.

У ЗША заявілі, што цяпер менавіта ва Украіне вызначаецца пытанне, ці пачнецца Трэцяя сусветная вайна. У той самы час амерыканскія ўлады адзначылі, што пры найгоршым сцэнары Злучаныя Штаты не змогуць самастойна супрацьстаяць Расеі і Кітаю.

У Кангрэсе папярэджваюць, што ЗША неабходна зрабіць цэлы шэраг крокаў, каб узмацніць абароназдольнасць краіны. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Камісіі нацыянальнай абароннай стратэгіі Кангрэса ЗША.

Пентагон паводле дактрыны можа весці вайну толькі супраць аднаго моцнага ворага, а ў супрацьстаянні адначасова з Кітаем і Расеяй шанцаў у амерыканскіх войскаў мала. У сувязі з гэтым у справаздачы гаворыцца, што ў выпадку Трэцяй сусветнай вайны ЗША мусяць спадзявацца на дапамогу хаўруснікаў.

Таксама Камісія нацыянальнай абароннай стратэгіі папярэдзіла, што глабальныя рызыкі, з якімі сутыкнуліся ЗША, з'яўляюцца самымі небяспечнымі з 1945 года. У той самы час Вашынгтону рэкамендуюць звярнуцца да катэгарычных крокаў, каб баланс сілаў перастаў няўхільна ссоўвацца на карысць Кітая.

У справаздачы таксама згадваецца расейска-ўкраінская вайна ў кантэксце падрыхтоўкі новых формаў канфліктаў і хуткай інтэграцыі тэхналогій. Камісія зазначае, што поўнамаштабныя канфлікты патрабуюць значнага нарошчвання магчымасцяў абаронна-прамысловага комплексу, а таксама выкарыстання старых сістэмаў узбраення ў сучасных умовах.

Акрамя таго, у справаздачы гаворыцца, што выдаткі на абарону ЗША не павінны павялічыць рост дэфіцыт бюджэту. Таму яны павінны ісці разам з увядзеннем новых падаткаў і рэформай выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, якія давядзецца скараціць.

Пры гэтым Камісія нацыянальнай абароннай стратэгіі акцэнтавала, што цяперашняя амерыканская дактрына абароны састарэла і пазбягае рызык. Таму ўладам ЗША рэкамендавалі адмовіцца ад доўгатэрміновых распрацовак, якія патрабуюць значных затратаў, засяродзіўшыся на масавасці.

«Мінабароны ЗША павінна неадкладна перагледзець усе асноўныя сістэмы ўзбраенняў з улікам будучых выклікаў з прыярытэтам у манеўранасці, сумяшчальнасці і выжыванні. Неабходна ўкладваць больш у абарону касмічнай і кіберпрасторы, якія стануць яшчэ адной плоскасцю баявых дзеянняў», – гаворыцца ў справаздачы.

Дакумент абвяшчае, што амерыканскія войскі павінны пашырыць свае магчымасці ў супрацьпаветранай абароне, супрацьдзеянні БПЛА, магчымасцям РЭБ і дальнабойнага агню. Пры гэтым у марскім супрацьстаянні ЗША павінны абапірацца на магчымасці флоту наносіць масаваныя ўдары з выкарыстаннем беспілотных платформаў у спалучэнні з боепрыпасамі вялікай далёкасці.

Што тычыцца вайны ва Украіне, амерыканская камісія нацыянальнай абароннай стратэгіі заявіла, што Злучаныя Штаты павінны разгарнуць шырэйшую прысутнасць ва Украіне дзеля атрымання досведу і актыўнага ўкаранення новых тэхналогій на сучасным полі бою.

Апошнія навіны