Жыхар Слоніма знайшоў дома дзіўную схованку з сейфам
- 4.08.2024, 14:59
Што захоўвалася ў «чорнай скрыні»?
Жыхар Слоніма Гарадзенскай вобласці патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра знаходку ў доме, які ён набыў нядаўна, сейфа з незвычайным змесцівам. Што захоўвалася ў «чорнай скрыні», расказалі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама.
Як паведамілі ў міліцыі, 29-гадовы мужчына рабіў рамонт у ванным пакоі і так знайшоў сейф. Жыхар райцэнтра выявіў знаходку і ўбачыў там скрутак газеты, у якім былі скрыначкі з патронамі для агнястрэльнай зброі.
Паводле інфармацыі міліцыі, усяго ў «небяспечнай схованцы» захоўвалася 679 боепрыпасаў калібру 5,6 мм, прычым прыдатных да ўжывання. Супрацоўнікі Слонімскага РАУС вызначылі, што раней домам валодаў ужо памерлы 69-гадовы мужчына. Нерухомасць праз спадчыну перайшла ягонай жонцы, якая прадала дом.
Пры гэтым, як паведамілі ва УУС, жанчына пра сховішча ведала, але думала, што яно пустое.
У міліцыі нагадалі, што пры выяўленні боепрыпасаў або іншага выбухованебяспечнага прадмета неабходна аператыўна паведаміць пра знаходку на тэлефон 102. Самім нічога са знойдзеным рабіць не трэба, бо гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.
«Катэгарычна забараняецца набліжацца да выбухованебяспечных прадметаў, чапаць і браць іх у рукі, а таксама перамяшчаць самастойна!» – папярэдзілі ў міліцыі.