Памёр легендарны беларускі барэц Аляксандр Мядзведзь
- 2.09.2024, 10:32
Яму было 86 гадоў.
Трохразовы алімпійскі чэмпіён у вольнай барацьбе ў складзе зборнай СССР, легендарны беларускі барэц Аляксандр Мядзведзь памёр ва ўзросце 86 гадоў. Пра гэта паведамляецца ў Telegram-канале Беларускай федэрацыі барацьбы.
Прычыны смерці не ўдакладняюцца.
«Няма слоў каб выказаць смутак і боль страты, спачывай з мірам, легенда. Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксандра Васільевіча», - гаворыцца ў паведамленні.
Мядзведзь з'яўляецца трохразовым алімпійскім чэмпіёнам па вольнай барацьбе (1964, 1968, 1972) у трох розных вагавых катэгорыях (напаўцяжкай, цяжкай і абсалютнай). Ён сем разоў станавіўся чэмпіёнам свету (1962—1963, 1966—1967, 1969—1971), тройчы чэмпіёнам Еўропы (1966, 1968 і 1972). Таксама дзевяць разоў станавіўся чэмпіёнам СССР (1961—1970).
Аляксандр Мядзведзь прызнаваўся найлепшым спартоўцам Беларусі XX стагоддзі і найлепшым барацьбітом вольнага стылю ў гісторыі сусветнага спорту, з'яўляўся чальцом Залы спартовай славы барацьбы.