Пуціна выгналі са знакамітых вінных скляпоў у Малдове
- 10.01.2025, 13:05
Гэта цэлая сетка тунэляў, якая дасягае ў даўжыню амаль 120 кіламетраў.
У Малдове знаходзяцца знакамітыя скляпы вінзавода Cricova, у якіх пабывала вялікая колькасць сусветных лідараў. Сярод іх расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін, якому афіцыйна забаранілі наведваць гэтае месца праз уварванне ва Украіну, паведамляе The New York Times.
Адзначаецца, што гэта не проста вінныя скляпы, а цэлая сетка тунэляў, якая дасягае ў даўжыню амаль 120 кіламетраў, і праходзіць пад вінаграднікамі на поўнач ад Кішынёва.
Пуцін быў ганаровым госцем скляпоў вінзавода Cricova, і нават двойчы наведваў гэтае месца. Аднак расейскаму дыктатару там больш не рады, а яго вінныя бутэлькі разам з яго фатаграфіяй прыбралі з-пад увагі, падзяліліся ў выданні.
«Пасля таго, як у 2022 годзе Пуцін пачаў поўнамаштабнае ўварванне ў суседнюю з Малдовай Украіну, у вінакурні ўзнікла мноства пытанняў, на якія мы не змаглі адказаць, пра тое, чаму ён усё яшчэ тут», - сказаў журналістам дырэктар вінзавода Сорын Масло.
Нягледзячы на забарону на наведванне скляпоў вінзавода, калекцыя вінаў Пуціна, якая была падораная яму былым камуністычным прэзідэнтам Малдовы, не была знішчаная, падкрэсліў Масло. З яго слоў, усе бутэлькі перамясцілі ў цёмны і запячатаны кут, дзе да іх ніхто не дабярэцца.
У выданні нагадалі, што Малдова даўно мае напружаныя стасункі з РФ. Напрыклад, у 2006 годзе Расея ўвяла двухгадовую забарону на імпарт з Cricova і іншых малдаўскіх вінакурань.
Гэтая пстанова тлумачылася нібыта тым, што Масква хоча абараніць спажыўцоў ад прымешак. Аднак для многіх малдаўскіх палітыкаў было відавочна, што гэта адказ РФ на патрабаванні Малдовы спыніць падтрымку сепаратысцкага рэжыму ў непрызнаным Прыднястроўі, падкрэслілі журналісты.
Ужо ў 2007 годзе Расея зняла забарону на малдаўскае віно, але зноў увяла яе ў 2013 годзе пасля таго, як Малдова выказала жаданне наладзіць больш цесныя сувязі з Еўрапейскім Звязам.
«Эмбарга 2006 года прымусіла малдаўскіх вінаробаў звярнуцца да Захаду ў пошуках рынкаў і пераканала іх, што наша будучыня дакладна не ў Расеі», – распавёў журналістам дырэктар Нацыянальнага бюро вінаграду і віна ў Кішынёве Штэфан Ямандзі.
У выданні адзначылі, што раней Расея набывала блізу 80% экспартнага малдаўскага віна, а зараз у краіну пастаўляюць толькі 2%, з якіх палову вінаў перапраўляюць у краіны Еўрапейскага Звязу.