Палітвязня Мікіту Емяльянава зноў будуць судзіць
- 10.01.2025, 11:40
Ён ужо больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні.
Мікіта Емяльянаў - актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёна Менска да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Але Менскі гарадскі суд паводле апеляцыйнай скаргі скараціў тэрмін Мікіту да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша «Вясна».
У траўні 2021 года палітычнаму зняволенаму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там адміністрацыя турмы ініцыявала новую крымінальную справу супраць палітвязня паводле ч.2 арт.411 КК («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Пры гэтым, у турме яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.
У сакавіку 2022 года на тэрыторыі турмы №4 Мікіту прызначылі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Хлопца адправілі адбываць тэрмін у ваўкавыскую калонію №11, дзе яго працягвалі змяшчаць у ШІЗА. Праз год, у сакавіку 2023 года, на судзе Ваўкавыскага раёна суддзя Мікалай Сяргейка прыняў пастанову аб пераводзе Мікіты на турэмны рэжым. Палітвязня змясцілі ў гарадзенскую турму №1.
Мікіта Емяльянаў быў арыштаваны яшчэ ў кастрычніку 2019 года. Паводле версіі следства, у верасні таго года ён закідаў будынак Менскага гарадскога суда лямпачкамі з фарбай, а затым кінуў «кактэйль Молатава» ў СІЗА на Валадарскага.