BE RU EN

Анджэй Дуда: Зычу, каб палітычныя перамены ў Беларусі адбыліся ўжо ў 2025 годзе

  • 10.01.2025, 15:58

І наступны Новы год можна было сустрэць у свабоднай Беларусі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл, грамадскіх арганізацый і незалежных медый. Калядна-навагодняя сустрэча прайшла 9 студзеня ў прэзідэнцкім палацы ў Бельведэры (Варшава).

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт прэзідэнта Польшчы.

Анджэй Дуда зычыў гасцям, каб у Беларусі як мага хутчэй адбыліся палітычныя перамены і "Беларусь здабыла свабоду, суверэнітэт, сапраўдную незалежнасць і зноў стала дэмакратычнай краінай":

— Я вельмі рады, што магу прыняць вас чацвёртым разам на гэтай сяброўскай калядна-навагодняй сустрэчы, але я цалкам усведамляю, што мы праводзім гэтыя сустрэчы тут менавіта таму, што вы знаходзіцеся ў нашай краіне праз рэжым, які зараз у Беларусі.

Таму скажу так: зычу вам ад усяго сэрца ў сувязі з гэтым толькі што распачатым 2025 годам, каб вы мелі магымасць калі-небудзь запрасіць мяне да сябе - у Менск ці ў іншы горад у Беларусі - і каб разам адсвяткаваць там гэтую навагоднюю і калядную сустрэчу.

Зычу вам, каб такая сітуацыя склалася ўжо ў гэтым годзе, каб мы маглі сустрэцца ў 2026-м. Гэта значыць, каб у 2025 годзе ў вашай краіне - у нашага суседа, у суседа Польшчы - адбыліся такія чаканыя і жаданыя іншымі дзяржавамі, і так дорага аплачаныя беларусамі палітычныя перамены. Каб Беларусь здабыла свабоду, суверэнітэт, сапраўдную незалежнасць і зноўку стала дэмакратычнай краінай.

Я кажу пра гэта так смела, бо ведаю, што ў гэтым месяцы пройдуць так званыя выбары ў Беларусі, якія н6 будуць мець нічога агульнага з выбарамі ў дэмакратычным сэнсе. Гэта значыць, зноў будзе тое, што мы ўжо назіралі - проста падман. Я таксама разумею, што ў сувязі з гэтай падзеяй зараз узмацняюцца пераследы людзей, якія хацелі б свабоднай, суверэннай, незалежнай Беларусі.

Такой прыкметай з'яўляецца прысуд, вынесены супраць святара Генрыха Акалатовіча літаральна некалькі дзён таму - 30 снежня - 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Гэта паказвае, з кім і з чым мы маем справу зараз. Мы размаўлялі менавіта на гэтую тэму са Святланай Ціханоўскай, гаварылі пра гэты ганебны прысуд у дачыненні да святара Акалатовіча. Але мы казалі і пра іншых святароў - не толькі каталіцкіх, але і праваслаўных - якія ў гэты момант знаходзяцца ў турмах. Мы пра святароў, братоў - чальцоў манаскіх ордэнаў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах і пераследуюцца. Мы казалі пра Анджэя Пачобута. Але таксама і пра ўсіх тых, хто чакае, каб вярнуць свабоду, каб свабода вярнулася на іхнюю радзіму.

Але я запрасіў вас сюды не толькі для таго, каб зычыць гэтага, і не толькі для таго, каб вы ўмацавалі сваю веру ў тое, што свабода, незалежнасць і суверэнітэт вернуцца ў Беларусь і што яна стане сапраўднай, свабоднай, суверэннай і сапраўды еўрапейскай краінай. Я таксама хачу сказаць вам, што незалежна ад таго, што я заканчваю сваю прэзідэнцкую місію тут, і праз трохі больш як шэсць месяцаў прыйдзе новы прэзідэнт Польшчы на маё месца, я заўсёды буду сябрам свабоднай, суверэннай і незалежнай Беларусі, вашым сябрам і што вы заўсёды можаце разлічваць на маю падтрымку, дзе б я ні быў.

ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАРКА САЙТА CHARTER97.ORG НАТАЛЛЯ РАДЗІНА І АНДЖЭЙ ДУДА

Але больш за ўсё - як я ўжо сказаў - я хачу выказаць свае зычэнні. Зычу асабістага шчасця. Зычу вярнуць сабе вольную, суверэнную, незалежную радзіму. Зычу міру ў сем'ях, усім дзяржавам. Зычу аднавіць магчымасць кантакту з блізкімі людзьмі, з якімі цяпер вы падзелены мяжой паміж нашымі краінамі. Зычу працвітання ўсёй супольнасці беларусаў, якія знаходзяцца зараз тут, у Польшчы. Я зычу вам, каб вы адчувалі сябе добра ў нас, нягледзячы на тое, што вы тут, як я ўжо сказаў, у асноўным праз прымус, праз пераслед.

С координатором гражданской кампании «Европейская Беларусь» Дмитрием Бондаренко
С ведущими белорусскими спортсменами Александрой Герасименей и Степаном Поповым

Але я хацеў бы, каб вы адчувалі, што Польшча прыязная да вас і што яна не толькі суседняя вам краіна, але і ў нейкім сэнсе яна таксама з'яўляецца вашай другой радзімай - краінай, якая вітае вас, краінай, якая не толькі разглядае вас як гасцей, але і, перш за ўсё, разглядае вас як братоў. Я зычу вам гэтага. Бо ў мяне такое пачуццё. У мяне такое ўнутранае пачуццё, што гэта не проста сяброўская сустрэча праз мяжу, але гэта брацкая сустрэча двух народаў, якія маюць столькі сувязяў і настолькі этнічна звязаны адзін з адным, што іх сапраўды цяжка падзяліць. І я веру, што ніхто ніколі не разлучыць нас.

Усяго добрага!

Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту Польшчы за запрашэнне на сустрэчу і зычэнні свабоды для Беларусі.

«У нас, палякаў і беларусаў, агульныя гістарычныя і культурныя традыцыі… Сёння нас таксама аб'ядноўвае агульны боль, што наш герой Анджэй Пачобут, а таксама іншыя палітычныя зняволеныя не могуць быць разам з намі. Мы мусім аб'яднацца і змагацца, каб кожны з палітвязняў, якога несправядліва трымаюць за кратамі, вярнуўся дадому. Давайце таксама будзем дужацца, каб мы маглі бяспечна вярнуцца на радзіму. Мы павінны зрабіць усё, каб Беларусь была свабоднай. Гэтак жа, як палякі некалі ішлі сваім шляхам свабоды, зараз такім шляхам ідуць беларусы. Ён вельмі цяжкі, але нішто не можа нас спыніць», - заявіла Ціханоўская.

Апошнія навіны