Войскі РФ і КНДР патанаюць у стратах у Курскай вобласці
- 11.01.2025, 11:53
100 жыццяў за кожны квадратны кіламетр.
Узброеныя сілы Украіны ажыццявілі тактычную аперацыю на тэрыторыі Курскай вобласці РФ, якая перарасла ў стратэгічны поспех, паказаўшы слабасць расейскага рэжыму. Пра гэта заявіў кіраўнік выведцэнтра Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг, паведамляе ERR.
Украінскія войскі нанеслі высокадакладныя ўдары па камандных пунктах расейскіх 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі і 810-й брыгады марской пяхоты.
У выніку атак загінулі і атрымалі раненні некалькі высокапастаўленых афіцэраў РФ, што сур'ёзна аслабіла кіраванне падраздзяленнямі.
Са слоў Ківісельга, падраздзяленні з КНДР, якія дзейнічаюць на курскім кірунку, нясуць значныя страты. Яны часта ідуць у бой без падрыхтоўкі і артылерыйскай падтрымкі, што толькі павялічвае іх страты.
«Сітуацыю ў Курскай вобласці таксама адлюстроўваюць заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб тым, што з 12-тысячнага паўночнакарэйскага кантынгенту, перакінутага ў Курскую вобласць, траціна, ці да 3800 чалавек, ужо забітыя ці параненыя. Пры гэтым ніводнага ваеннага поспеху Расеі так і не ўдалося дабіцца», - заявіў Ківісельг.
Палкоўнік падкрэсліў, што баявыя дзеянні на тэрыторыі Курскай вобласці з'яўляюцца сімвалам няздольнасці Расеі кантраляваць сітуацыю. На гэтым фоне таксама абвастраецца праблема вываду расейскіх войскаў з Сірыі, што фактычна з'яўляецца прызнаннем капітуляцыі на гэтым кірунку.
«Гэта яшчэ больш узмацняе ціск на кіраўніцтва расейскіх узброеных сіл. Таксама ўзмацняецца ціск на самога Пуціна з боку расейскага грамадства», - падкрэсліў Ківісельг.
Нягледзячы на страты і прасоўванне расейскіх войскаў, абарона Украіны трымаецца. Са слоў Ківісельга, кожны квадратны кіламетр акупаванай тэрыторыі абыходзіцца агрэсару прыблізна ў 100 жыццяў.