Байдэн: Пуціну нельга даваць перадышку
- 11.01.2025, 12:43
Прэзідэнт ЗША выказаў надзею, што Кангрэс не дазволіць Трампу спыніць дапамогу Украіне.
Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн верыць, што ў Кангрэсе ЗША дастаткова і дэмакратаў, і рэспубліканцаў, якія разумеюць важнасць дапамогі Украіне. І яны будуць супраць, калі новы кіраўнік Злучаных Штатаў Дональд Трамп захоча спыніць пастаўкі вайсковай тэхнікі і зброі Сілам абароны, паведамляе «Обозреватель».
Байдэн адзначыў важнасць кансалідацыі міжпартыйнай падтрымкі Украіны падчас выступу ў Кангрэсе ў Вашынгтоне. Ён спадзяецца на тое, што новыя ўлады ЗША не дадуць расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну часу для «адпачынку».
«Я ведаю, на [Капіталійскім] узгорку ёсць значная колькасць дэмакратаў і рэспубліканцаў, якія мяркуюць, што мы павінны працягваць падтрымліваць Украіну. Я спадзяюся і чакаю, што яны выкажуцца і не пагодзяцца з прэзідэнтам [Трампам], калі той надумае спыніць фінансаванне Украіны», - сказаў кіраўнік Белага дома.
На ягоную думку, стратэгія эканамічнага і палітычнага ціску на РФ працуе. Таму Пуцін «мае эканамічныя, значныя эканамічныя праблемы, а таксама палітычныя праблемы ўнутры краіны».
У сувязі з гэтым Байдэн заклікаў не дазволіць крамлёўскаму дыктатару выкарыстоўваць магчымую паўзу для перагрупоўкі сіл і працягу агрэсіі.
Дзейны прэзідэнт ЗША запэўніў, што робіць усё ў межах сваіх сіл і паўнамоцтваў, каб забяспечыць Украіну перавагамі падтрымкі незалежнасці.