СБУ расказала падрабязнасці аб вайскоўцах КНДР, узятых у палон УСУ ў Курскай вобласці
- 11.01.2025, 16:12
Палонных даставілі ў Кіеў.
Сілы абароны Украіны ўзялі ў палон першых вайскоўцаў КНДР у Курскай вобласці. Украінскія праваахоўнікі расказалі падрабязнасці аб іх.
«Гаворка ідзе пра двух вайскоўцаў Паўночнай Карэі, аднаго з якіх 9 студзеня захапілі байцы тактычнай групы № 84 ССА, а іншага - воіны-дэсантнікі Узброеных Сіл Украіны», - гаворыцца ў паведамленні СБУ.
Адразу пасля ўзяцця ў палон замежнікам аказалі ўсю неабходную медыцынскую дапамогу, як гэта прадугледжана Жэнеўскай канвенцыяй.
Што вядома аб паўночнакарэйскіх палонных
На момант узяцця ў палон адзін з замежнікаў меў пры сабе вайсковы білет расейскага ўзору, выдадзены на імя іншай асобы з рэгістрацыяй у Рэспубліцы Тува РФ.
Падчас допыту вайсковец КНДР, у якога быў знойдзены білет, заявіў супрацоўнікам СБУ, што гэты дакумент яму выдалі ў Расеі восенню 2024 года. Тады, з ягоных слоў, частка баявых падраздзяленняў Паўночнай Карэі на працягу аднаго тыдня праходзіла зладжванне з групоўкамі рашыстаў.
Сам ён заявіў, што нарадзіўся ў 2005 годзе, займаў пасаду стралка і праходзіў вайсковую службу ў Паўночнай Карэі з 2021 года. Характэрна, што палонны, гэтак жа як і расейскія вайскоўцы ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання, падкрэслівае, што ехаў нібыта на вучэнні, а не на вайну супраць Украіны.
Іншы ваеннапалонны пацвердзіў паказанні свайго "напарніка". Частку адказаў на пытанні ён даваў пісьмова, бо ў яго траўмаваная сківіца. Паводле папярэдніх звестак, ён 1999 года нараджэння, а ў войску КНДР служыць з 2016 года на пасадзе снайпера-разведчыка. Ён увогуле быў без дакументаў.
Палонныя з КНДР ужо ў Кіеве
Для правядзення першачарговых следчых мерапрыемстваў іх даставілі ў Кіеў. Яны змяшчаюцца ў належных умовах, якія адпавядаюць патрабаванням міжнароднага заканадаўства.
Палонныя не размаўляюць на ўкраінскай, ангельскай ці расейскай мовах, таму камунікацыя з імі адбываецца праз перакладчыкаў карэйскай мовы ва ўзаемадзеянні з разведкай Паўднёвай Карэі НРС.
Цяпер СБУ праводзіць неабходныя следчыя мерапрыемствы для ўстанаўлення ўсіх абставін удзелу вайскоўцаў КНДР у вайне РФ супраць Украіны. Следства вядзецца пад працэсуальным кіраўніцтвам Офіса Генеральнага пракурора паводле арт. 437 Крымінальнага кодэкса Украіны (планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны).