Кіраўнік МЗС Украіны аб паўночнакарэйскіх палонных: Гэта рэгулярныя войскі, а не найміты
- 11.01.2025, 20:16
Ён падкрэсліў, што свет павінен ціснуць на Маскву і Пхеньян.
Першыя ваеннапалонныя КНДР былі захопленыя ў Курскай вобласці Расіі. Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга адзначае, што гэта рэгулярныя вайскоўцы КНДР, што выклікае дадатковыя асцярогі.
Ён падкрэслівае, што гэта істотна падрывае бяспеку не толькі ў Еўропе, а ў Індыйска-Ціхаакіянскім рэгіёне, і сусветным лідэрам трэба звярнуць на гэта ўвагу.
- Першыя паўночнакарэйскія ваеннапалонныя ўжо ў Кіеве. Рэгулярныя войскі КНДР, а не найміты, удзельнічаюць у захопніцкай вайне супраць еўрапейскай краіны. Бяспека Еўропы і Індыйска-Ціхаакіянскага рэгіёну наўпрост звязаныя. Нам патрэбны максімальны ціск на рэжымы ў Маскве і Пхеньяне, - напісаў Сібіга ў сацыяльнай сетцы Х.