У Расеі б'юць трывогу праз «беларусізацыю» аднаго з рэгіёнаў
- 12.01.2025, 9:34
Карэлія змагаецца за родную мову.
ФСБ Расеі ўнесла ў спіс тэрарыстычных арганізацый Рэспубліку Карэлія. А дакладней – яе назвы на карэльскай мове. Мясцовы актывіст заявіў пра «беларусізацыю» рэгіёну, піша The Insider.
У спіс тэрарыстычных арганізацый, апублікаваны на сайце ФСБ РФ, унеслі арганізацыю «Форум свабодных дзяржаваў пост Расеі» і яе «структурныя падраздзяленні», потым пасля двукроп'я пералічаныя розныя назвы, у тым ліку – «Карэльскі нацыянальны рух». Далей у дужках ідзе пералік нейкіх найменняў. Чамусьці сярод іх пазначаныя назвы рэспублікі на карэльскай мове і яе ліўвікаўскай гаворцы.
«Карэльскі нацыянальны рух» – арганізацыя этнарэгіяналістаў і этнаактывістаў, якія імкнуцца да аднаўлення незалежнасці гістарычных земляў Карэліі, рух актыўна змагаецца за яе права на самабытнасць. Сваёй мэтай ставіць стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы для карэлаў, фінаў, інгерманландскіх фінаў, вепсаў, памораў і кольскіх нарвежцаў.
Рух сапраўды ўдзельнічае ў мерапрыемствах «Форуму свабодных дзяржаваў пост Расеі», расказаў The Insider актывіст «Карэльскага нацыянальнага руху» Уладзіслаў Алейнік.
Ён адзначыў, што ўнясенне назваў рэспублікі ў спіс тэрарыстычных арганізацый – прадаўжэнне палітыкі выкаранення гістарычнага самавызначэння расейскіх рэспублік.
«У эфэсбэшным апісанні “Карэльскага нацыянальнага руху” ўпершыню былі выкарыстаныя “сінонімы” назвы “Рэспублікі Карэлія” на розных дыялектах карэльскай мовы: Karjalan Tašavalta, Tazavaldkund, Tazavaldu. Гэта падкрэслівае, што цяпер нават слова “Рэспубліка” і “Карэлія” разам на родных мовах трапляе пад забарону.
Гэта азначае сабой трагічную рэальнасць: любы, хто ў Расейскай Федэрацыі адважыцца гаварыць пра Карэлію як пра рэспубліку, ды яшчэ і на роднай мове, можа быць прызнаны тэрарыстам паводле законаў РФ.
Працэс “беларусізацыі” Карэліі стаў відавочным. У 2024 годзе многія актывісты ў пошуках бяспекі былі вымушаныя пакінуць радзіму, іншыя аказаліся ў статусе “замежнага агента”, а некаторыя сталі ахвярамі ператрусаў і рэпрэсій. Цяпер тыя, хто адважваецца гаварыць пра Карэльскую самастойнасць, нават у гіпатэтычным кантэксце, рызыкуюць патрапіць пад цяжкія ўдары рэпрэсіўнай машыны», – заявіў Алейнік.