Forbes: Украінскія дроны «Вінчэстэр» змянілі тактыку і цяпер палююць на салдатаў РФ
- 12.01.2025, 10:24
Каштоўнасць беспілотніка са стрэльбай у тым, што ён можа атакаваць не адзін раз.
Украіна стварыла беспілотнік «Вінчэстэр» са стрэльбамі для барацьбы з расейскімі дронамі. Аднак мэтамі новых украінскіх fpv-беспілотнікаў цяпер становяцца не толькі на дроны, але і расейская пяхота, піша аналітык Forbes Дэвід Акс.
Так, ён аналізуе адно з нядаўніх відэа, на якім адзін з дронаў «Вінчэстэр» высочвае і падрывае расейскія беспілотнікі. Як адзначае Акс, падчас задання адзін з аператараў скарыстаўся магчымасцю і атакаваў расейскага (ці паўночнакарэйскага, калі бой адбываўся ў Курскай вобласці Расеі) салдата, сустрэтага на шляху дрона.
Як адзначае аналітык, пакуль цяжка меркаваць, ці сведчыць гэта пра змену тактыкі ўкраінскіх беспілотнікаў, але безумоўна падкрэслівае каштоўнасць fpv-дронаў са зброяй.
Большасць такіх дронаў – гэта сістэмы аднаразовага выкарыстання, якія падрываюць мэту і самазнішчаюцца ў працэсе.
Аднак дрон «Вінчэстэр», абсталяваны стрэльбамі – гэта шматразовая зброя, якая можа нанесці мноства ўдараў, перш чым самаліквідуецца ці будзе збітая.
У той самы час, адзначае аналітык, у такіх дронаў ёсць недахоп – стрэльбы лепш за ўсё працуюць на блізкай адлегласці праз рассейванне іх стрэлаў.
«Каб застрэліць салдата, дрону трэба падабрацца бліжэй. А на такой адлегласці ён можа быць уразлівы для ўласнай зброі салдата», – адзначае Акс.