BE RU EN

Праўда пра БелАЭС выходзіць вонкі

  • Пётр Аляшчук
  • 12.01.2025, 10:34

Ці варта супрацоўнічаць з расейскімі атамнікамі?

Прайшло крыху больш за чатыры гады з моманту пачатку працы Беларускай АЭС, аднак праблемы з яе эксплуатацыяй узнікаюць усё часцей і часцей.

І вось зноў абодва яе энэргаблокі адключаныя ад электрасеткі і не вырабляюць электраэнэргію. Пры гэтым адзін з іх афіцыйна выведзены на планавы прафілактычны рамонт. Аднак другі, як паведамляюць інфармаваныя назіральнікі, адключаны праз няспраўнасць (парушэнне герметычнасці з прычыны няштатнай сітуацыі) контуру, які змяшчае радыеактыўныя матэрыялы.

Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла пра адключэнне другога энэргаблока атамнай станцыі, але прычынай назвала «спрацоўванне аднаго з датчыкаў».

Ва ўсіх афіцыйных каментарах наконт гэтага, даволі бедных, адзначаецца, што праца, якая праводзіцца на АЭС пасля інцыдэнту, не ўплывае на бяспеку станцыі і яе абсталявання. Таксама сцвярджаецца, што радыяцыйная абстаноўка на прылеглых тэрыторыях не змянілася – узровень радыяцыі нібыта застаецца ў межах нормы.

Аднак усе гэтыя заявы выглядаюць як спроба супакоіць мясцовае насельніцтва, каб прадухіліць паніку на фоне прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая прадаўжаецца.

Ці атрымалася дамагчыся гэтага – сказаць складана, бо заявы ўладаў выклікаюць усё менш даверу. Нягледзячы на захады кіраўніцтва БелАЭС у выяўленні «нядобранадзейных» асобаў, якія маглі б расказаць пра праблемы на станцыі, рэальныя акалічнасці падзей паступова становяцца вядомымі.

Назіральнікі адзначаюць, што абарона энэргаблока №2 спрацавала праз парушэнне герметычнасці першага контуру, дзе цыркулюе вада з дадаткамі праз актыўную зону рэактара.

Гэта выклікае сур'ёзны непакой у тых, хто звязаны з працай АЭС, жыве побач, а таксама ў многіх неабыякавых грамадзянаў Беларусі.

Еўрапейскія суседзі Беларусі, асабліва Літва, таксама павінны турбавацца, бо станцыя размешчаная даволі блізка да іх межаў і магчымыя выкіды радыеактыўных матэрыялаў могуць дасягнуць іх тэрыторый.

Праблемы на БелАЭС узнікаюць з пэўнай перыядычнасцю, прымушаючы кожны раз адключаць рэактары. Паводле словаў спецыялістаў, частае адключэнне вельмі непажаданае, бо рэактары маюць абмежаваную колькасць уключэнняў / выключэнняў, пры якіх захоўваецца гарантаваная надзейнасць абсталявання.

Кожная няштатная падзея на станцыі павялічвае верагоднасць аварый і іншых надзвычайных сітуацый, якія могуць мець катастрафічныя наступствы для насельніцтва і навакольнага асяроддзя.

Нельга не адзначыць, што расейскае АТ «Атамбудэкспарт», даччыная структура «Расатама», праводзіць рамонтныя працы на БелАЭС. Аднак гэтая станцыя вядомая ў свеце хіба што сваімі няспраўнасцямі і бясконцымі рамонтамі.

Такая расейская «якасць» – як рэактараў вытворчасці «Расатама», так і астатняга абсталявання. Відавочнае неналежнае стаўленне вытворцаў і рамонтнікаў з РФ да працы ў такой небяспечнай сферы, як атамная энэргетыка, выклікае мінімум здзіўленне.

Дзівіць таксама, што заказчыкі з іншых краінаў прадаўжаюць задзейнічаць Расею ў будаўніцтве АЭС. Досвед эксплуатацыі БелАЭС паказвае, наколькі верагоднае з'яўленне «бомбаў запаволенага дзеяння», падобных да той, што стварылі расейцы ў Беларусі.

На фоне пагаршэння эканомікі Расеі праз санкцыі, выкліканыя яе агрэсіяй супраць Украіны, верагоднасць стварэння якаснага абсталявання «Расатамам» вельмі малая.

Таму іншым краінам трэба задумацца пра рызыкі, звязаныя з супрацоўніцтвам з Расеяй у атамнай сферы. Тым больш, што гаворка пра дзяржаву, якая не грэбуе і прамым ядзерным тэрарызмам. Напрыклад, гаворка пра акупаваную расейцамі Запарожскую АЭС, дзе рэгулярна адбываюцца «інцыдэнты», закліканыя паўплываць на сусветную супольнасць і Украіну з тым, каб тыя пайшлі на саступкі дзяржаве-агрэсарцы. Прытым, што расейскі бок не можа не разумець негатыўных наступстваў ад падобных дзеянняў.

Хтосьці думае, што яны не пагрэбуюць падобным тэрарызмам і ў іншых краінах?

Пётр Аляшчук, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org

Апошнія навіны