Буйныя банкі ў ЗША вяртаюць супрацоўнікаў у офіс
- 12.01.2025, 11:21
Кампаніі спрабуюць вярнуць супрацоўнікаў з дыстанцыйнай працы, але сустракаюць адпор.
JPMorgan Chase, найбуйнейшы банк ЗША, з паведамленняў, рыхтуецца абвясціць пра вяртанне да паўнавартаснай офіснай працы для ўсіх сваіх супрацоўнікаў, тым самым спыняючы дзеянне гібрыднага фармату працы, уведзенага падчас пандэміі, пішуць «Дэталі».
Bloomberg, са спасылкай на дасведчаныя крыніцы, паведамляе, што банк, у якім працуе больш за 300 000 чалавек па ўсім свеце, абвесціць пра гэтую змену ў найбліжэйшыя тыдні. Гэта заменіць існы трохдзённы офісны мандат для многіх ягоных працаўнікоў.
Варта адзначыць, што 60% супрацоўнікаў банка, у тым ліку многіх трэйдараў і супрацоўнікаў раздробных аддзяленняў, вярнуліся ў офіс яшчэ летась. У банку патлумачылі гэта зменамі ў рэгуляванні, якія ўскладнілі магчымасць дыстанцыйнай працы.
Пазіцыя ў дачыненні да палітыкі працы з дому адрозніваецца сярод фірмаў з Уол-стрыт. Goldman Sachs Group выступае за тое, каб супрацоўнікі знаходзіліся ў офісе пяць дзён на тыдзень, у той час як Citigroup Inc. захоўвае трохдзённую офісную палітыку для многіх сваіх супрацоўнікаў.
Кампаніі спрабуюць вярнуць супрацоўнікаў з дыстанцыйнай працы, але сустракаюць адпор
Цярпенне кіраўніцтва большасці кампаній, якія выправілі супрацоўнікаў працаваць дыстанцыйна падчас пандэміі каранавірусу, падыходзіць да канца праз нежаданне супрацоўнікаў вяртацца ў офісы. Тэлеканал CNBC паведамляў са спасылкай на даследаванне Resume Builder, падчас якога апыталі тысячу кіраўнікоў, што блізу 90% кампаній мелі намер вярнуць супрацоўнікаў у офісы да канца 2024 года. Амаль 30% гатовыя звольніць супрацоўнікаў, якія адмовяцца вяртацца з дыстанцыйнай працы.
Асноўная перавага дыстанцыйнай працы падчас каранавірусу – адсутнасць кантактаў – з часам ператварылася ў галаўны боль для кіраўніцтва кампаній, якое мяркуе, што гібрыдны фармат працы менш эфектыўны. Але супрацоўнікі, са свайго боку, ужо звыкліся з працай з дому і выступаюць катэгарычна супраць вяртання ў офіс нават на некалькі дзён на тыдзень.
На першым этапе кампаніі спрабавалі прывабіць супрацоўнікаў у офісы, прапануючы розныя бонусы і льготы, але потым пераключыліся на санкцыі. Кіраўніцтва кампаніі Meta ў 2023 годзе запатрабавала, каб супрацоўнікі, якія не працуюць дыстанцыйна на сталай аснове, наведвалі офіс не радзей за тры разы на тыдзень пачынаючы з верасня. У адваротным выпадку ім будуць пагражаць «дысцыплінарныя спагнанні, ажно да звальнення».
Google таксама настойвае на тым, каб супрацоўнікі хадзілі ў офіс хоць бы тры дні на тыдзень. Ізноў хадзіць у офіс запатрабаваў ад супрацоўнікаў нават сэрвіс для відэаканферэнцый Zoom, назоў якога асацыюецца з дыстанцыйнай працай. Insider піша, што тыя, хто жыве ў радыюсе 80 кіламетраў ад офіса, цяпер павінны працаваць з офіса мінімум два дні на тыдзень.
Цяжка сказаць, чым скончыцца супрацьстаянне, бо, паводле апытанняў, на рынку працы моладзь аддае перавагу гібрыднай форме працы. Ад аднаго да трох дзён на тыдзень у хатніх умовах, астатнія – у офісе. Больш за тое, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца кампаніі, дзе дазваляецца самім выбіраць прысутныя дні.