BE RU EN

Арменія выступіла за ліквідацыю Менскай групы АБСЕ

  • 12.01.2025, 13:02

Яна займалася пошукам «мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту».

Рэспубліка Арменія разглядае магчымасць звароту да АБСЕ з пытаннем ліквідацыі Менскай групы, якая займалася пошукам мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту.

Пра гэта заявіла прэс-сакратарка прэм'ер-міністра Арменіі Назелі Багдасаран на сваёй старонцы ў Facebook.

У сваім паведамленні Багдасаран нагадала словы, сказаныя прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам 19 снежня 2024 года ў інтэрв'ю выданню «Арменпрэс» у адказ на пытанне, якая пазіцыя Арменіі датычна ідэі ліквідацыі Менскай групы АБСЕ.

«Канструктыўная. Мы разумеем пазіцыю, што калі няма канфлікту, у чым сэнс існавання фармату, які займаецца ўрэгуляваннем канфлікту. Але мы хочам таксама пераканацца, што менавіта гэтай логікай кіруецца Азербайджан, і ягонае імкненне, напрыклад, да развіцця тэрміна так званага Заходняга Азербайджана, не з'яўляецца ажыццяўленнем агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да тэрыторыі Рэспублікі Арменія», – прыводзіць словы Пашыняна ягоная прэс-сакратарка.

Таксама Багдасаран напісала, што Нікол Пашынян заяўляў, што на тэрыторыі Арменіі не можа быць Заходняга Азербайджана, а таксама падкрэсліў неабходнасць адмовы ад гэтага тэрміна, які ставіць пад сумненне тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі і ўсталяванне міру.

Нагадаем, што ў чэрвені 2024 года ліквідаваць Менскую групу прапанаваў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. Падчас размовы з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам ён выступіў за тое, каб афіцыйна спыніць дзейнасць Менскай групы АБСЕ і ўсіх звязаных з ёй інстытутаў, каб «цалкам загарнуць старонку канфлікту» з Арменіяй, паведамляе прэс-служба Аліева.

На думку Аліева, Менская група цягам 28 гадоў нібыта імкнулася развязаць карабахскую праблему, але насамрэч спрабавала яе замарозіць, «і чатыры рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН з патрабаваннямі неадкладнага спынення баявых дзеянняў значылі не больш за кавалак паперы», – заявіў тады Аліеў.

8 студзеня ў інтэрв'ю азербайджанскім СМІ Ільхам Аліеў зноў заявіў, што без ліквідацыі Менскай групы не можа быць падпісання мірнай дамовы з Арменіяй.

Менская група была створаная ў 1992 годзе з ліку краінаў-чальцоў АБСЕ з мэтай пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту. Сустаршынямі групы выступаюць Расея, Францыя і ЗША, у яе склад уваходзяць Азербайджан і Арменія, а таксама Беларусь, Нямеччына, Турцыя, Італія, Фінляндыя і Швэцыя.

Апошнія навіны