У адным з гарадоў Чэхіі адбыўся выбух у рэстарацыі
- 12.01.2025, 14:01
Ёсць ахвяры і параненыя.
Шэсць чалавек загінулі ў выніку выбуху ў рэстаране ў адным з гарадоў Чэхіі. Яшчэ восем наведвальнікаў былі параненыя.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Як піша выданне, выбух балона з прапан-бутанам адбыўся ў рэстаране ў горадзе Мост, на паўночным захадзе Чэхіі. Праз гэта будынак установы загарэўся.
Акрамя шасці загінулых, яшчэ восем чалавек атрымалі раненні ў выніку выбуху, які адбыўся позна ўвечары ў суботу, 11 студзеня. Сярод іншага, пажарныя выратавалі аднаго сур'ёзна параненага госця рэстарана, які «апынуўся ў пастцы ў ванным пакоі».
Таксама 30 чалавек былі эвакуяваныя з рэстарана і навакольных будынкаў.
«Паводле папярэдняй інфармацыі відавочцаў, перакуліўся абагравальнік, што выклікала пажар», – паведамілі ў пажарнай службе.
У МУС Чэхіі ўдакладнілі, што прычынай, верагодна, стаў прапан-бутанавы абагравальнік, які перакуліўся ў пярэднім садзе рэстарана. У час выбуху ў рэстаране знаходзіліся блізу 20 гасцей.