«Страты каласальныя, Украіна разнесла базу»
- 12.01.2025, 18:44
Новыя падрабязнасці пра наступствы ўдару па нафтабазе ў Энгельсе.
З'явіліся новыя падрабязнасці пра магутную атаку ўкраінскіх дронаў на нафтабазу расейскага войска ў горадзе Энгельс.
Паводле звестак крыніцаў «ВЧК-ОГПУ», пажар знішчыў тры рэзервуары аб'ёмам 120000 кубоў кожны, а яшчэ шэсць атрымалі сур'ёзныя пашкоджанні.
У выніку атакі быў цалкам выведзены са строю рэзервуарны парк, дзе захоўвалася блізу 800000 тонаў паліва, прызначанага для ваеннага аэрадрома.
Гэтая аперацыя стала важным крокам у стратэгіі Украіны, накіраванай на сістэматычнае знішчэнне расейскіх рэзерваў нафтапрадуктаў і нафтаперапрацоўчых заводаў у глыбокім тыле.
Крыніцы таксама паведамляюць пра каласальныя грашовыя і матэрыяльныя страты. Пакуль не зразумела, калі базу ўвогуле змогуць аднавіць.
Сітуацыя на нафтабазе яшчэ больш ускладнілася праз нястачу пенаўтваральніку, які выкарыстоўваецца для тушэння запаленай нафты.
Як паведамляюць расейскія крыніцы, пажарныя не могуць справіцца з агнём і вымушаныя толькі «суправаджаць» яго, кантралюючы працэс выгарання паліва.
Эканамічны аналітык Анатоль Нясміян саркастычна пракаментаваў заявы расейскіх чыноўнікаў пра тое, што «ўсё пад кантролем»: «Назваць гэта "кантраляваным выгараннем паліва" – вельмі смелая заява губернатара. Хутчэй за ўсё, проста ачапілі тэрыторыю і чакаюць, калі само патухне. Але сказаць так нельга, кіраўніцтва не зразумее. Таму "ўсё пад кантролем". Зрэшты, кіраўніцтва таксама любіць выразы тыпу "ўсё ідзе паводле плану", так што тут яны на адной хвалі».
Гэты поспех Украіны падкрэслівае яе здольнасць наносіць дакладныя ўдары па крытычна важнай інфраструктуры Расеі нават у глыбокім тыле.
Для расейскага войска гэта азначае сур'ёзныя праблемы з лагістыкай і забеспячэннем.