The Telegraph: Трамп мае намер вызваліць ізраільскіх закладнікаў да сваёй інаўгурацыі
- 12.01.2025, 15:59
Абраны прэзідэнт ЗША паабяцаў «пекла» для ХАМАС.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «разгорнецца пекла», калі тэрарысты ХАМАС не вызваляць астатніх ізраільскіх закладнікаў. Гэтым ён падкрэсліў важнае змяненне палітычнага курсу, устаноўленага хісткай адміністрацыяй Джо Байдэна, піша Кон Кафлін (пераклад – сайт Charter97.org), эксперт у пытаннях абароны і міжнародных стасункаў, для брытанскага выдання The Telegraph:
– Дональд Трамп настойвае на тым, каб блізу 100 закладнікаў, захопленых групоўкай ХАМАС падчас нападаў 7 кастрычніка 2023 года, былі вызваленыя да ягонай інаўгурацыі 20 студзеня.
Хоць абраны прэзідэнт ЗША не ўдакладніў, якія дзеянні распачне ягоная адміністрацыя ў выпадку, калі тэрарыстычная група не выканае ягоныя патрабаванні, здаецца цалкам відавочным, што ён не гатовы прыняць адказ «не».
«На Блізкім Усходзе разгорнецца пекла, і гэта не прынясе нічога добрага ні ХАМАС, ні каму б там ні было яшчэ», – заявіў Дональд Трамп у сваім апошнім пасце ў сацыяльных сетках.
Паколькі ў ЗША рыхтуюцца да дзяржаўнага пахавання былога прэзідэнта Джымі Картэра, Трампу не давядзецца нагадваць пра палітычныя наступствы, якія можа выклікаць доўгі крызіс з закладнікамі.
Прэзідэнцтва Картэра было моцна падарванае крызісам з закладнікамі. У 1979 годзе Рэвалюцыйная гвардыя Ірана захапіла амерыканскую амбасаду ў Тэгеране. Яны ўтрымлівалі 53 амерыканскіх дыпламатаў і грамадзянаў больш за год, нагадвае Кон Кафлін:
– Закладнікі былі вызваленыя толькі ў той момант, калі Рональд Рэйган, рэспубліканскі спаборнік Картэра на выбарах у Белы дом, прыняў прысягу. Гэта падкрэсліла шкоду, якую Іран, з дапамогай старанна спланаванай кампаніі шантажу, нанёс надзеям Картэра на пераабранне.
Сітуацыя з ізраільскімі закладнікамі можа адрознівацца ад сітуацыі, з якой сутыкнуўся Картэр. Тым не менш Трамп, які ганарыцца сваёй падтрымкай Ізраіля, будзе разглядаць вызваленне ізраільскіх закладнікаў як праверку сваёй прэзідэнцкай катэгарычнасці на пасадзе.
Папярэдзіўшы ў пачатку снежня, што ХАМАС павінен вызваліць усіх закладнікаў да сваёй інаўгурацыі, Трамп ведаў, што на карту пастаўлены ягоны аўтарытэт, піша аналітык The Telegraph:
– Няздольнасць дамагчыся вызвалення закладнікаў будзе інтэрпрэтавацца як прыкмета слабасці такімі варожымі дзяржавамі, як Кітай і Іран, якія будуць шукаць любыя патэнцыйныя расколіны ў брані будучага прэзідэнта.
Вызваленне закладнікаў, безумоўна, з'яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў Трампа перад уступленнем на пасаду. З гэтай мэтай Стыў Уіткаф, спецыяльны прадстаўнік ЗША на Блізкім Усходзе, выпраўляецца ў Катар, дзе праходзіць апошні раўнд перамоваў пра спыненне агню ў Газе.
Уіткаф падкрэсліў «значны прагрэс» у перамовах яшчэ перад сваім ад'ездам з Вашынгтона. Аднак упартасць кіраўніцтва ХАМАС робіць вызваленне закладнікаў для Трампа вельмі цяжкім.
Перамовы пра вызваленне закладнікаў могуць быць жахлівай угодай, бо некаторыя з закладнікаў маглі ўжо загінуць у палоне, мяркуе аўтар:
– Афіцыйны прадстаўнік ЗША, які ўдзельнічае ў перамовах, паведаміў на гэтым тыдні, што перамоўнікі зыходзяць са здагадкі, што ў Газе жывыя толькі 20 з захопленых закладнікаў.
ХАМАС, які прадаўжае патрабаваць, каб Ізраіль спыніў усе ваенныя аперацыі ў Газе і вывеў свае войскі да таго, як будзе дасягнутае якое-небудзь пагадненне аб доўгатэрміновым спыненні агню, уважае тых закладнікаў, якія ўсё яшчэ жывыя, за больш каштоўных, чым тыя, хто загінуў. Прадстаўнікі ХАМАС указалі, што групоўка гатовая перадаць 34 закладнікаў у якасці першапачатковага кроку, але мае намер утрымаць як мага больш закладнікаў, асабліва тых, хто ўсё яшчэ жывы, у якасці падстрахоўкі для будучых перамоваў.
Ці гатовы Трамп трываць умовы гэтага нераўнацэннага абмену, незразумела. Тым не менш той факт, што Дональд Трамп гатовы ўзяць на сябе такія сур'ёзныя асабістыя абавязальніцтвы для развязання крызісу, прыемна кантрастуе з няспыннымі ваганнямі адыходнай адміністрацыі Байдэна, піша Кон Кафлін:
– Хоць прэзідэнт ЗША Джо Байдэн імкнуўся стварыць імідж дакладнага хаўрусніка Ізраіля, ягоныя стасункі з ізраільскім прэм'ер-міністрам Беньямінам Нетаньяху не вылучаліся катэгарычнасцю, і ягоная адміністрацыя ўвесь час крытыкавала дзеянні Ізраіля падчас ваенных аперацый у Газе.
У нейкі момант летась Байдэн нават прыгразіў скараціць ваенную дапамогу Ізраілю пасля абвінавачанняў у тым, што ЦАХАЛ наўмысна блакуе пастаўкі дапамогі цывільнаму насельніцтву Газы.
Наступныя расследаванні паказалі, што тэрарысты ХАМАС, а не ЦАХАЛ, наўмысна перарывалі пастаўкі дапамогі, каб узмацніць міжнародны ціск на Ізраіль з мэтай спынення баявых дзеянняў.
Беручы да ўвагі бясконцае ўніклівае меркаванне адміністрацыі Байдэна пра тое, як рэагаваць на канфлікт у Газе, нядзіўна, што хвалены план Байдэна ў спыненні агню, які ўпершыню абмяркоўваўся ў траўні, мала чаго дасягнуў. Калі амерыканскі прэзідэнт успрымаецца як слабая і некампетэнтная фігура, варожыя сілы, няхай гэта будуць такія тэрарыстычныя арганізацыі, як ХАМАС, або такія дзяржавы-ізгоі, як Іран, не схільныя звяртаць увагу на ягоныя патрабаванні.
Заявіўшы пра сваю гатоўнасць раз і назаўжды развязаць крызіс з закладнікамі ў Ізраілі, Трамп даў магутны сігнал, што ён мае намер пакласці гэтаму канец і зрабіць Амерыку краінай, якую баяцца, а не ігнаруюць.