У Вілейцы кур'ер ашуканцаў збіў міліцыянера
- 12.01.2025, 16:29
29-гадовы таксіст паспрабаваў уцячы.
У Менскай вобласці супрацоўнікі міліцыі затрымалі кур'ераў тэлефонных ашуканцаў, паведамляе прэс-служба МУС.
У міліцыі распавялі, што 75-гадовай жыхарцы Вілейкі патэлефанаваў невядомы, які паведаміў ёй, што на яе імя ашуканцамі аформлены крэдыт. Каб "затрымаць злачынцаў", пенсіянерка павінна была перадаць увесь свой ашчадак "праваахоўнікам". Для атрымання 10 тысяч даляраў да жанчыны накіравалі 54-гадовую мянчанку, якую затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку на месцы здарэння.
У аўтамабілі на вуліцы яе чакаў суўдзельнік - 29-гадовы таксіст, які паспрабаваў схавацца ад міліцыянтаў і збіў аднаго з іх. Пазней яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ.
Падчас расследаванняў высветлілася, што кур'ерка сама стала ахвярай ашуканцаў, узяўшы крэдыт на суму 160 тысяч рублёў.